Вызваленая рэдактарка TUT.BY распавяла пра Ганну Аблаб і Вольгу Брыцікаву
- Salidarnast Belarus
- 4 hours ago
- 1 min read
Галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава выйшла на волю 13 снежня 2025 года. 11 студзеня 2026 года яна апублікавала першы пост у Facebook пасля вызвалення, у якім падзялілася ўспамінамі пра жанчын, з якімі знаходзілася ў зняволенні. Сярод іх і прадстаўніцы незалежнага працоўнага руху.

Золатава напісала пра Ганну Аблаб якая, па яе словах, умела падтрымаць і суцешыць кожнага, нават у самых цяжкіх умовах. "Прамяністыя вочы – гэта менавіта пра Аню", –– адзначыла яна. Дома Ганну чакаюць трое сыноў, пры гэтым тэрмін яе прыгавору складае 11 гадоў пазбаўлення волі.

Асобна Марына Золатава згадала Вольгу Брыцікаву - прафсаюзную лідарку і адну з самых вядомых фігур незалежнага працоўнага руху. "Легендарная Воля Брыцікава, так хацелася з ёй пазнаёміцца", – напісала Золатава, дадаўшы, што пазнаёмілася з ёй ужо ў месцах пазбаўлення волі, на Антошкіна. Падчас знаходжання Брыцікавай у калоніі ў яе памерла маці – трагедыя, з якой, як падкрэслівае Золатава, сутыкаліся многія жанчыны ў калоніях і СІЗА, даведваючыся аб смерці блізкіх ужо за кратамі.
Варта адзначыць, што за кратамі застаюцца яшчэ як мінімум дзве прафсаюзніцы: Алена Назарава, актывістка незалежнага прафсаюза РЭП, і Ганна Карняенка, сябра прафсаюза СПМ. Асаблівы цынізм сітуацыі падкрэслівае той факт, што 2026 год у Беларусі афіцыйна аб'яўлены "годам жанчын", у той час як сотні жанчын працягваюць знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах.





Comments