У Жэневе зноў гаварылі пра турмы, ФПБ і фальшывы «сацыяльны дыялог»
- 16 hours ago
- 5 min read
6 чэрвеня ў Жэневе на 114-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы прайшло спецыяльнае пасяджэнне па Беларусі ў рамках Камітэта па прымяненні стандартаў — па выкананні ўрадам рэкамендацый МАП у сувязі з ужываннем артыкула 33 Статута МАП.
Трэці год запар разглядаецца «беларускі пытанне» ў рамках ужывання артыкула 33 Статута МАП да Беларусі. Гэта другі выпадак за ўсю гісторыю гэтай міжнароднай арганізацыі, калі ўжываецца 33-і, па сутнасці, дысцыплінарны параграф. За невыкананне дзвюх асноўных Канвенцый 87 і 98, ратыфікаваных Беларуссю яшчэ ў 1956 годзе.

Сёлета спрэчка ішла ўжо не пра тое, ці будзе ўрад Беларусі выпраўляць парушэнні і выконваць рэкамендацыі ў сферы правоў працоўных, а, па сутнасці, пра дзве цалкам несумяшчальныя карціны рэальнасці.
Спецпасланнік МАП па Беларусі Леліа Бентэс Карэа вельмі акуратна зрабіў выснову, што пасля 25 гадоў нагляду і 13 з’яўленняў Беларусі перад камітэтам сёння назіраецца адкат назад і тупік замест прагрэсу. Пры гэтым ён асобна падкрэсліў некалькі балючых кропак: у вызваленых прафсаюзных лідараў Ярашука і Фядыніча да гэтага часу не вернутыя пашпарты і пенсіі, больш за 50 прафсаюзных актывістаў застаюцца пад крымінальным пераследам, як мінімум 19 у зняволенні, а Вацлаў Арэшка аслеп у турме. Ён падкрэсліў, што яго мандат «не палітычны», ён заснаваны на даверы і дыялогу, але дыялог магчымы толькі тады, калі ўлады ўвогуле гатовыя гаварыць па сутнасці.
Беларускі ўрад у асобе Намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Алега Такуна пайшоў па ўжо знаёмай каляіне: артыкул 33 — гэта нібыта «самае несправядлівае і памылковае рашэнне ў гісторыі МАП», Беларусь стала ахвярай «геапалітычнай гульні», а падзеі 2020 года не мелі дачынення ні да прафсаюзных правоў, ні да сацыяльнага дыялогу, бо гэта быў быццам бы знешні сцэнар змены ўлады. На думку ўрада, усе арыштаваныя прафсаюзныя лідары з’яўляюцца звычайнымі злачынцамі, а БКДП — не прафсаюз, а палітычная група ў выгнанні. Ну а сама беларуская тэма ў МАП папросту «інфармацыйная і санкцыйная вайна». Такім чынам, улады Беларусі занялі пазіцыю пазбаўлення легітымнасці самой пастаноўкі пытання.
Другой прэтэнзіяй да МАП стала сцвярджэнне пра прадузятасць да праўладнай арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. І беларускі ўрад, і кіраўнік ФПБ Юрый Сянько, і Анатоль Нічкасаў ад боку наймальнікаў паўтаралі адно і тое ж: ФПБ аб’ядноўвае каля 4 млн работнікаў, у краіне квітнее сацыяльнае партнёрства, заключаныя дзясяткі тысяч калектыўных дамоў, беспрацоўе мінімальнае, а значыць, і размова пра разгром незалежных прафсаюзаў нібыта не мае сэнсу. Замест адказу на пытанне пра свабоду аб’яднання работнікаў прапануецца статыстыка пра колькасць калектыўных пагадненняў, сацыяльных гарантый і ўдзел ФПБ у заканатворчасці. Ніводнага аргумента пра тое, што ФПБ не ўпіса́ная ў сістэму дзяржкіравання і валодае самастойнасцю, не прагучала.
— Дэлегаты Беларусі спасылаюцца на факты і праўду, аднак у той жа час яны адмовілі ў доступе і дыялогу са спецыяльным пасланнікам МАП, — адзначыў прадстаўнік працоўных Даніі Мадс Хайзель. — Калі праўду і факты неабходна хаваць ад нейтральнага назіральніка, здольнага ацаніць аб’ектыўную рэальнасць, то, магчыма, ёсць прычына, па якой беларуская «праўда» адрозніваецца ад «праўды» астатняга свету.
Прадстаўнікі працоўных іншых краін пастаянна падкрэслівалі, што нельга лічыць калектыўныя дамовы доказам свабоды там, дзе няма незалежных прафсаюзаў і работнікі пазбаўленыя права на аб’яднанне. Іх фармулёўцы беларускім уладам не было чаго супрацьпаставіць: прайшло 22 гады з моманту першых рэкамендацый камісіі па расследаванні, і сёння па-за ФПБ у Беларусі не засталося ніводнага незалежнага прафсаюза.
— Рэальнасць такая, што беларускія работнікі пазбаўленыя голасу. Рэальнасць такая, што лідары працоўных і прафсаюзныя актывісты проста цяпер знаходзяцца ў турмах ва ўмовах, якія пагражаюць іх жыццю, — абурыўся Кемаль Озкан, які прадстаўляе IndustriALL.
Улады Беларусі самі стварылі ўмовы выгнання для лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў, каб потым заяўляць, што БКДП «не працуе ў краіне», гэта чысты цынізм. Яшчэ больш жорстка прагучала вызначэнне ФПБ: калі прафсаюз маўчыць, убудаваны ў дзяржаву і губляе аўтаномію, то гэта ўжо не прафсаюз, а дзяржаўны агент.
Яркім стала выступленне прадстаўніка польскага прафсаюза «Solidarność» Юрыя Рававога, які, па сутнасці, ударыў па легітымнасці ФПБ з нечаканага боку: ён апісаў, як у беларускай дэлегацыі ад работнікаў сядзіць чалавек з рэпрэсіўнай сістэмы, былы сілавік, якога пазней паставілі кіраваць і ідэалагічна кантраляваць работнікаў на Гродзенскім хімпрадпрыемстве. На міжнародным узроўні ў якасці «прадстаўнікоў працоўных» паказваюць тых самых людзей, якія ўдзельнічалі ў падаўленні незалежных рабочых. Па сутнасці, такія прадстаўнікі падрываюць асновы трыпартызму ў МАП.
Не менш моцным было выступленне нідэрландскага прадстаўніка працоўных Т’ялінга Постмы: «працоўныя месцы ў Беларусі сталі галоўным месцам арыштаў», а ідэалагічныя аддзелы і кароткатэрміновыя кантракты ператвараюць працоўныя адносіны ў сістэму страху.
Французскі прадстаўнік працоўных падкрэсліў, што знішчэнне незалежных прафсаюзаў у Беларусі яшчэ і разбурыла ўсю сістэму працоўных адносін у краіне. Знік апошні механізм абароны ад самавольства, і на яго месца прыйшлі прымус, дыскрымінацыя і эксплуатацыя. Ён звярнуў увагу на тое, што гэта праяўляецца ўжо не толькі ў рэпрэсіях супраць актывістаў, але і ў больш шырокай практыцы пакарання людзей праз працу — у ЛПП і прымусовую «працоўную тэрапію», аж да прыніжальных умоў для палітвязняў.
Еўрапейскі блок, Канада, Вялікабрытанія, Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя і саюзныя дэлегацыі выбудавалі свае пазіцыі хутчэй на юрыдычнай і інстытуцыйнай мове. Яны лічаць, што праблема не толькі ў турмах і ліквідацыі прафсаюзаў, але і ў тым, што Беларусь сістэмна ігнаруе ўвесь наглядны механізм МАП. А пакаранне прафсаюзных актывістаў працягваецца і пасля вызвалення — у выглядзе дэпартацый, канфіскацыі пашпартоў і фактычнага пазбаўлення людзей права на дакументы, пенсіі і нармальнае жыццё.
«Сацыяльны дыялог у краіне знішчаны», таму што ФПБ залежыць ад уладаў, і «рэальнага вяртання да працы ў звычайным рэжыме быць не можа», пакуль незалежныя прафсаюзы разгромленыя, а людзі за кратамі. Супрацоўніцтва з МАП магчымае, але толькі пасля рэальных крокаў, а не імітацыі ці заяў пра «несправядлівасць».
Кенійскі дэлегат, доктар Давжы Атэла, нагадаў пра нядаўні выпадак паўторнага арышту беларускага неўролага і сябра Свабоднага прафсаюза Беларускага Руслана Бадамшына. Ён падкрэсліў, што ўлады не спыняюцца нават тады, калі чалавек ужо пакараны: «У Беларусі ўжо недастаткова проста адбыць свой тэрмін. Дзяржава пастаянна фабрыкуе новыя, накладзеныя адно на адно абвінавачанні, каб незалежныя галасы назаўсёды заставаліся заглушанымі за турэмнымі сценамі».
Па сутнасці, калі разгледзець пазіцыі краін у гэтай спрэчцы, то гэта франтальны канфлікт паміж дзвюма мадэлямі «сацыяльнага партнёрства». У адной прафсаюз — гэта незалежная арганізацыя работнікаў, у другой — кантраляваны дзяржавай інструмент дысцыпліны на прадпрыемствах. На баку беларускага ўрада і ФПБ краіны з падобнымі да яго мадэлямі: Расія, Кітай, Іран, Венесуэла, Туркменістан і іншыя.
Беларуская ўлада спрабуе адчайна даказаць права на «самабытную беларускую норму», прыкрываючы яе словамі пра суверэнітэт, дыялог і 4 мільёны сябраў ФПБ. Але чым даўжэй разглядаецца гэтая справа, тым больш відавочна, што для значнай часткі міжнароднай супольнасці пытанне ўжо вырашанае: без незалежных прафсаюзаў няма ні калектыўных перамоў, ні сацыяльнага дыялогу, ні нармальнага членства ў міжнароднай працоўнай супольнасці.
І менавіта таму беларускі кейс застаецца такім раздражняльным для рэжыму Лукашэнкі. Яго не ўдаецца загаварыць, ён не знікае і не ператвараецца ў бюракратычны пыл. Наадварот, з кожным годам ён усё больш становіцца тэстам на тое, ці гатовыя МАП і яе члены абараняць уласныя базавыя прынцыпы і каштоўнасці.



Comments