top of page
Search

Асуджаны на 8 гадоў прафсаюзны актывіст згубіў зрок у калоніі

  • 6 hours ago
  • 2 min read

71-гадовага актывіста незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі, як і многіх яго калег, затрымалі 19 красавіка 2022 года. Праз дзевяць месяцаў яго асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса на 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За час знаходжання за кратамі зрок Вацлава Арэшкі значна пагоршыўся: апроч іншых захворванняў, ён практычна аслеп.



Напярэдадні «Вясна» са спасылкай на іншага палітвязня паведаміла, што Вацлаў Арэшка перасоўваецца па атрадзе навобмацак.


Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, член Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы Аляксандр Ярашук заявіў «Салідарнасці», што гэтая гісторыя высвеціла ўсё беззаконне, бесчалавечнасць і помслівасць цяперашняй улады.


— Сёння Вацлаў Арэшка, на мой погляд, адзін з найбольш згадваных палітвязняў, якія працягваюць знаходзіцца ў зняволенні. І прычына вядомая — мала каму з нас давялося прайсці праз такія пакуты і выпрабаванні, праз якія праходзіць наш таварыш і калега.


Абсалютна невінаватага чалавека, які не здзейсніў ніякага злачынства, асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі і не вызваляюць, нягледзячы на тое, што ён практычна аслеп. Нягледзячы на тое, што яго так званыя «саўдзельнікі» — старшыня прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў і былы старшыня Генадзь Фядыніч — ужо даўно на волі: Васіль — два гады, Генадзь — амаль год.


Якая ва ўсім гэтым логіка? Чым Вацлаў настолькі небяспечны для рэжыму? Чаму яго працягваюць трымаць за кратамі, асуджаючы на жудасныя пакуты? У галаву не прыходзіць нічога, акрамя аднаго: таму што рэжым можа дазволіць сабе трымаць у зняволенні каго заўгодна і колькі заўгодна.

Таму што ён можа дазволіць сабе здзекі з любога палітвязня, у тым ліку з найбольш уразлівага. Таму што для гвалтаўніка гэта крыніца задавальнення — бачыць, як пакутуе ахвяра, і адчуваць пры гэтым уласную ўсёдазволенасць і беспакаранасць.

Немагчыма не задавацца пытаннем, адкуль узялося столькі садыстаў у талерантным, чалавекалюбным беларускім народзе. І адказ ляжыць на паверхні. Гэта вынік 32-гадовай адмоўнай селекцыі, якую праводзіў людажэрны рэжым.


Яны ўсё яшчэ ўпэўненыя, што так будзе заўсёды. Мы ж упэўненыя, што настане дзень — і ён не такі ўжо далёкі, — калі давядзецца адказаць за ўсё. За ўсіх, каго забілі ў турмах і калоніях, усіх, каго давялі да смерці, усіх, каго падверглі бесчалавечным пакутам і здзекам. У тым ліку і за нашага сябра Вацлава Арэшку.


Вікторыя Лявонцьева


Read in ger and eng

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page