top of page
Search

"Нядбайных" удзельнікаў уборачнай кампаніі, будуць адпраўляць у войска

  • 8 hours ago
  • 2 min read

Лукашэнка вырашыў выкарыстоўваць войска як інструмент пакарання за правалы ў сельскай гаспадарцы. Пасля даручэння адпраўляць «нядбайных» удзельнікаў уборачнай кампаніі шэраговымі на паўднёвую мяжу міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў, як ведамства збіраецца выконваць гэты загад. Намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч назваў новую ініцыятыву абсурднай.


Аляксандр Лукашэнка // photo - AP
Аляксандр Лукашэнка // photo - AP

Міністру абароны ўдалося перавесці стрэлкі з войска на ваенныя зборы — там усё ж менш галаўнога болю з тымі, каго, атрымліваецца, улады будуць караць ваеннай службай за нейкія правіннасці ў працы. Вызначаць гэтыя правіннасці будуць, відаць, ваенкомы, якім прадпісана выехаць непасрэдна «ў палі» і працаваць там з кіраўнікамі мясцовых органаў улады.


«Ну, а хто ўжо зусім не захоча працаваць, — мы прызавём на ваенныя зборы, дзе павысім іх баявую вывучку, як гэтага запатрабаваў прэзідэнт», — заявіў Хрэнін.

Хто ў гэты час будзе працаваць на ўборцы ўраджаю ва ўмовах цяперашняга дэфіцыту кадраў, міністр удакладняць не стаў. Зрэшты, гэта і не яго справа: загадана капаць ад плота і да абеду — значыць, трэба капаць.


Каментуючы «Салідарнасці» чарговую форму ручнога кіравання сельскай гаспадаркай, намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч задаўся пытаннем: з якіх часоў у нас войска і ваенныя зборы — гэта форма пакарання і павіннасць, якую чалавек павінен адпрацаваць?


— А атрымліваецца, што гэта менавіта так. Бо мяркуецца, што туды будуць адпраўляць недысцыплінаваных і нядобрасумленных. Праўда, незразумела, хто і як будзе вызначаць ступень гэтай недысцыплінаванасці і нядобрасумленнасці, за якой наступіць пакаранне.


Сяргей Антусевіч
Сяргей Антусевіч

Дарэчы, мы ўжо былі сведкамі даволі падобнай сітуацыі ў 2012 годзе. Тады Лукашэнка прыехаў на дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Барысаўдрэў», убачыў увесь маштаб бардаку — там быў вялікі адток кадраў праз нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы працы, а рэканструкцыю ніяк не маглі завяршыць, — раззлаваўся і сказаў: усё выправіць, усіх пасадзіць, а работнікам забараніць звальняцца, пакуль не будзе наведзены парадак.


Ну, мы прызвычаіліся да эксцэнтрычных эскапад Лукашэнкі, але я і ўявіць не мог, што неўзабаве з’явіцца афіцыйны дэкрэт. У ім чорным па белым было напісана, што работнікам дрэваапрацоўкі забаронена звальняцца па ўласным жаданні — толькі з пісьмовай згоды кіраўніка. Таксама ўсіх іх прымусова пераводзілі на кантракты без права датэрміновага скасавання.

Я памятаю, тады многія называлі гэты дакумент «дэкрэтам аб рабстве». Мы як незалежныя прафсаюзы некалькі гадоў змагаліся за яго адмену. І пазней яго адмянілі — якраз перад Міжнароднай канферэнцыяй працы, каб, відаць, прадэманстраваць «добрую волю» ўладаў і іх гатоўнасць да пазітыўных зменаў у краіне.


Цяперашняя сітуацыя з нядбайнымі сельскагаспадарчымі работнікамі чымсьці падобная. Не мае значэння, што было сказана, пра што гэта наогул і як гэта суадносіцца з законамі і нормамі працоўнага права, — узялі «пад казырок» і пабеглі выконваць.


І яшчэ ўзнікае пытанне: калі ўлады адпраўляюць людзей, якія, на іх думку, правініліся, туды, дзе ёсць доступ да зброі, ці ўпэўненыя яны, што нядбайныя работнікі раптам стануць дысцыплінаванымі салдатамі?

Увогуле, гісторыя больш чым дзіўная, хаця я не здзіўлюся, калі неўзабаве яна з’явіцца ўжо ў форме дэкрэта. Ну што тут сказаць: феадальнае кіраванне — яно такое.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page