«Мір немагчымы там, дзе працоўныя пазбаўленыя права голасу»
- 56 minutes ago
- 1 min read
На 54-м з’ездзе CGT, які праходзіць у горадзе Тур з 1 па 5 чэрвеня, беларускі незалежны прафсаюзны рух прадставіў намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч.

Як падкрэслівае сама CGT, з’езд праходзіць ва ўмовах росту крайне правых сіл, паскоранага разбурэння правоў працоўных і ўзмацнення ўлады транснацыянальных карпарацый. Міжнародная праграма форуму прысвечана тром асноўным тэмам: арганізацыі барацьбы супраць крайне правых, выпрацоўцы прафсаюзных стратэгій ва ўмовах росту магутнасці карпарацый і абнаўленню прафсаюзнай практыкі ва ўмовах глабалізаванага капіталізму.
У межах міжнароднай часткі з’езда Сяргей Антусевіч выступіў на мерапрыемстве ад імя Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. У сваёй прамове ён нагадаў, што пасля масавых пратэстаў 2020 года беларускія ўлады знішчылі незалежныя прафсаюзы, дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў апынуліся за кратамі, а тысячы работнікаў сутыкнуліся з рэпрэсіямі, звальненнямі і пераследам. Ён таксама падкрэсліў, што адной з прычын арышту прафсаюзных лідараў у красавіку 2022 года стала іх выразная антываенная пазіцыя і патрабаванне спыніць вайну.

Знакавай фразай выступу сталі словы: «Мір немагчымы там, дзе працоўныя пазбаўленыя права голасу». Антусевіч падкрэсліў, што мір немагчымы і там, дзе людзей кідаюць у турмы за прафсаюзную дзейнасць, а правы чалавека сістэматычна знішчаюцца. Паводле яго слоў, нават у гэтых умовах беларускія незалежныя прафсаюзы працягваюць сваю працу, бо «салідарнасць нельга забараніць» і «годнасць працоўных мацнейшая за страх».
У завяршэнне Сяргей Антусевіч нагадаў, што менавіта працоўныя плацяць за войны сваімі жыццямі, разбуранымі сем’ямі, беднасцю і вымушаным выгнаннем, тады як іншыя нажываюцца на зброі і канфліктах. Ён падзякаваў Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, еўрапейскім прафсаюзам, CGT і ўсім арганізацыям, якія не забыліся пра Беларусь, і заклікаў да далейшага ўмацавання міжнароднай салідарнасці.



Comments