МАП зноў канстатуе невыкананне Беларуссю сваіх патрабаванняў
17 лістапада Адміністрацыйны савет Міжнароднай арганізацыі працы зноў разгледзеў сітуацыю з парушэннем прафсаюзных правоў у Беларусі. Галоўная выснова прадстаўленага даклада: істотных зменаў у гэтым пытанні не адбылося. Улады Беларусі па-ранейшаму не выконваюць рэкамендацыі МАП, незалежныя прафсаюзы застаюцца пад забаронай, а іх актывісты знаходзяцца ў зняволенні.

Рашэнне па Беларусі было прынята большасцю галасоў: 42 — за, 3 — супраць, яшчэ 3 удзельнікі ўстрымаліся. Супраць прагаласавалі прадстаўнікі Расіі, Кітая і Судана.
Урад Беларусі зноў не прадставіў інфармацыі пра канкрэтныя меры па выкананні рэкамендацый Камісіі па расследаванні і кантрольных органаў МАП. Улады таксама не дапускаюць у краіну міжнародную гуманітарную місію і прадстаўнікоў МАП, якія павінны ацаніць становішча зняволеных прафсаюзных актывістаў.
На пасяджэнні выступіў былы палітзняволены, лідар БКДП Аляксандр Ярашук:
— Я прашу вас задумацца над тым, чаму асобныя ўрады ўсё часцей уводзяць людаедскія практыкі, ліквідуюць незалежныя прафсаюзы, як тэрарысты, бяруць у закладнікі і саджаюць у турмы іх лідараў і членаў. Чаму ўсё часцей мы сутыкаемся з падменай сілы права правам сілы, — адзначыў прафсаюзны лідар.
Ён адзначыў, што ў сценах МАП камфортна сябе адчуваюць тыя, хто выкарыстоўвае прымусовую працу, ператварае працоўных у рабоў і заганяе іх у стойла, якое нібыта насмешліва называецца прафсаюзамі. І такім «прафсаюзам» дагэтуль не закрытая дарога ў МАП. Гаворка ідзе пра прадстаўнікоў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
— Нельга з гэтым мірыцца. Трэба зрабіць непамерна высокай для ўрада Беларусі цану пераступання чырвоных ліній у таптанні прынцыпаў і каштоўнасцяў МАП, яе Статута, — адзначыў Ярашук.
Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзеная крытычнаму стану здароўя 71-гадовага Вацлава Арэшкі, рэдактара газеты прафсаюза РЭП. За час зняволення ён практычна цалкам страціў зрок праз адсутнасць неабходнага лячэння. У яго развіліся катаракта і глаўкома. Арэшка вымушаны перасоўвацца навобмацак, часта падае і атрымлівае траўмы. Пры гэтым адміністрацыя калоніі перашкаджае аказанню яму дапамогі і не дазваляе прайсці медыцынскае асведчанне для ўстанаўлення інваліднасці.

Адміністрацыйны савет запатрабаваў неадкладна забяспечыць Арэшку неабходным медыцынскім абследаваннем і лячэннем, а таксама спыніць прымусовую працу і жорсткае абыходжанне са зняволенымі прафсаюзнымі дзеячамі.
Сімвалічным жэстам салідарнасці стала акцыя Групы працоўных Адміністрацыйнага савета МАП. Яе прадстаўнікі надзелі майкі з партрэтам Вацлава Арэшкі і зрабілі супольнае фота ў падтрымку зняволенага беларускага прафсаюзніка.
Таксама былі адзначаны не выкананыя і патрабаванні адносна вызваленых прафсаюзных лідараў. Аляксандру Ярашуку і Генадзю Фядынічу не вярнулі пашпарты і не аднавілі пенсійныя выплаты. Несапраўдным быў прызнаны і пашпарт прафсаюзнага актывіста Максіма Сеніка.
Такім чынам, больш чым праз тры гады пасля прымянення ў дачыненні да Беларусі артыкула 33 Статута МАП асноўныя патрабаванні міжнароднай прафсаюзнай супольнасці застаюцца нявыкананымі.
Прынятае рашэнне таксама прадугледжвае падаўжэнне мандата Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі на 2027 год. Ад беларускіх уладаў патрабуюць прадставіць інфармацыю пра прынятыя меры да 22 студзеня. Наступны раз беларускае пытанне будзе разглядацца ў сакавіку 2027 года.



Comments