Адміністрацыйны савет МАП запатрабаваў ад Беларусі супрацоўнічаць са спецпасланнікам і дапусціць міжнародныя місіі
- 1 day ago
- 2 min read
На 356-й сесіі Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы завяршылася абмеркаванне «беларускага пытання». Разгляд тэмы праходзіў па дванаццатым пункце парадку дня — «Наступныя меры па ажыццяўленні рэзалюцыі, якая датычыцца захадаў, рэкамендаваных Адміністрацыйным саветам у адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП, у дачыненні да Беларусі».

Паводле вынікаў абмеркавання Адміністрацыйны савет большасцю галасоў падтрымаў тэкст высноў, у якім зноў выказаў сур’ёзную занепакоенасць невыкананнем уладамі Беларусі рэкамендацый Камісіі па расследаванні і наступных рашэнняў кантрольных органаў МАП. За прагаласавалі 40 членаў Адміністрацыйнага савета, супраць выступілі 2, яшчэ 8 устрымаліся.
Падчас пасяджэння выступіў спецыяльны пасланнік МАП па Беларусі Леліа Бентэс Карэа. Ён пацвердзіў сваю нейтральную пазіцыю, аднак адзначыў, што беларускія ўлады па-ранейшаму адмаўляюцца ад узаемадзеяння і не ідуць на кантакт. Асобна спецпасланнік заклікаў вызваліць прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку, які фактычна страціў зрок у зняволенні.
На пасяджэнні выступіў і лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Ён заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць дэманстратыўна ігнараваць выкананне артыкула 33 Статута МАП: не прызнаюць мандат спецпасланніка, утрымліваюць у зняволенні 20 членаў незалежных прафсаюзаў, не адмяняюць рашэнне аб ліквідацыі БКДП і яго арганізацый, а таксама адмаўляюцца вярнуць яму пашпарт і аднавіць пенсійныя выплаты.
«Мы не можам дазволіць сабе распісацца ў бяссіллі перад адкрытым выклікам зла, кінутым МАП беларускім урадам. Яно не павінна трыумфаваць і заставацца беспакараным», — адзначыў старшыня БКДП.
Паводле слоў Ярашука, калі беларускія ўлады дазваляюць сабе настолькі выклікальнае парушэнне правоў нават у дачыненні да члена Адміністрацыйнага савета МАП, то становішча звычайных работнікаў у краіне выглядае яшчэ больш бяспраўным. Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў сферы працоўных правоў у Беларусі становіцца ўсё больш нецярпімай, а спроба скарыстацца правам на свабоду аб’яднання і стварыць незалежны ад улады прафсаюз абарочваецца для людзей стратай свабоды.

Прадстаўнік беларускага ўрада, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Алег Такун, выступіў з традыцыйнай для ўладаў Беларусі прамовай, у якой адмаўляў наяўнасць парушэнняў і фактычна адкідаў высновы і рашэнні МАП.
Адміністрацыйны савет зафіксаваў, што ўлады Беларусі зноў не прадставілі новай інфармацыі пра крокі па выкананні рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Савет заклікаў урад Беларусі перагледзець сваю пазіцыю і ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецпасланнікам МАП.
Савет таксама з крайняй занепакоенасцю адзначыў адмову ўладаў Беларусі вярнуць Аляксандру Ярашуку і Генадзю Фядынічу канфіскаваныя пашпарты, а таксама аднавіць выплату іх пенсій, і запатрабаваў зрабіць гэта без далейшых затрымак.
Члены Адміністрацыйнага савета зноў настойліва заклікалі Беларусь тэрмінова пагадзіцца на правядзенне міжнароднай гуманітарнай місіі, каб незалежныя лекары маглі наведаць усіх зняволеных прафсаюзных актывістаў, ацаніць стан іх здароўя і пры неабходнасці аказаць медыцынскую дапамогу. Акрамя таго, Савет запатрабаваў згоды на трохбаковую місію МАП для ацэнкі сітуацыі і наведвання прафсаюзных дзеячаў, якія знаходзяцца ў зняволенні або пад вартай.
Беларускім уладам прапанавана да 31 кастрычніка 2026 года прадставіць Генеральнаму дырэктару МАП інфармацыю пра канкрэтныя крокі, зробленыя пасля 356-й сесіі. Гэты матэрыял павінен быць перададзены на разгляд 358-й сесіі Адміністрацыйнага савета ў лістападзе 2026 года.
Савет таксама заклікаў урады, працадаўцаў і работнікаў працягваць рабіць крокі для забеспячэння эфектыўнага выканання рашэнняў па Беларусі, уключаючы правядзенне трохбаковых сустрэч і прадстаўленне справаздач Генеральнаму дырэктару для наступнага разгляду Адміністрацыйным саветам.
Пытанне сістэматычных парушэнняў свабоды аб’яднання і правоў незалежных прафсаюзаў у Беларусі застаецца ў цэнтры ўвагі МАП. Нягледзячы на працяг адмовы з боку беларускіх уладаў прызнаваць праблему, міжнародны ціск па пытанні вызвалення зняволеных прафсаюзных лідараў і актывістаў захоўваецца.



Comments