top of page
Search

Лукашэнка зноў кінуў выклік МАП

  • 2 days ago
  • 2 min read

30 сакавіка ў Жэневе адбудзецца пасяджэнне Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы, на якім будзе разглядацца пытанне аб выкананні ўладамі Беларусі параграфа 33 Статута МАП. Адным з патрабаванняў гэтага параграфа з’яўляецца як мага хутчэйшае вызваленне палітвязняў — прафсаюзных лідараў і актывістаў.


Аляксандр Ярашук
Аляксандр Ярашук

Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, член Адміністрацыйнага савета МАП Аляксандр Ярашук, які ў недалёкім мінулым і сам быў палітвязнем, упершыню пасля вызвалення зможа прыехаць у Жэневу і асабіста прыняць удзел у пасяджэнні Савета (нагадаем, што рэжым, па сутнасці, выдвараў яго з краіны, забраўшы пашпарт).


У размове з «Салідарнасцю» Аляксандр Ярашук адзначыў, што вельмі рады вызваленню 250 палітвязняў, якое адбылося 17 сакавіка.


— Але мяне і маіх калег вельмі засмуціла, што гэтым разам у спісах вызваленых не знайшлося месца ніводнаму з 20 членаў незалежных прафсаюзаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах. Нават Вацлаву Арэшку, які ў зняволенні практычна цалкам страціў зрок.

"Можна сабе ўявіць, якім пакутам і цярпенням працягвае падвяргацца наш калега. І інакш як садызмам мы не можам назваць утрыманне яго ў няволі. Як і ўтрыманне Вольгі Брыцікавай і Аляксандра Капшуля, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Ды і ўсіх астатніх нашых таварышаў, ні за што кінутых за краты, чыё месца не там, а на волі.


Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

Чаму гэтым разам не адбылося вызвалення нікога з нашых калег? Улады пайшлі на поўнае ігнараванне прызнання параграфа 33 Статута МАП і яго выканання. Прычым робяць яны гэта ў выключна дэманстратыўнай і агрэсіўнай форме. Ва ўласцівай сабе манеры рэжым у чарговы раз кідае выклік міжнароднай грамадскасці і МАП.


Недальнабачная і не вельмі разумная пазіцыя, такая ўласцівая тым, хто ўтрымлівае ўладу ў Беларусі. Бо самая вялікая праблема, якая сёння хвалюе многіх беларусаў, ды і міжнародную грамадскасць, — гэта вызваленне палітвязняў.


На гэтай тэме рэжым мог бы зарабіць нямала ачкоў. Бо, шчыра кажучы, ільвіная доля прэтэнзій па выкананні параграфа 33 Статута МАП, якія напэўна будуць выказаныя на пасяджэнні Адміністрацыйнага савета, была б знятая, калі б улады праявілі адказнасць і гуманізм і выпусцілі на волю палітвязняў з ліку членаў незалежных прафсаюзаў.

Але, на жаль, зроблены іншы выбар. Што ж, паглядзім, якімі будуць наступствы гэтага і якія рашэнні будуць прынятыя ў Жэневе."


Read in rus and eng

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page