Лідар БКДП бярэ ўдзел у федэральным кангрэсе DGB у Берліне
- 1 day ago
- 1 min read
У Берліне з 10 па 13 траўня праходзіць 23-ці чарговы федэральны кангрэс Нямецкай канфедэрацыі прафсаюзаў (DGB) пад лозунгам «Разам мы мацнейшыя: добрыя працоўныя месцы, моцная эканоміка, сацыяльная абарона». Сярод запрошаных гасцей - старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і выканаўчая дырэктарка Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк.

Падчас адкрыцця кангрэса ўдзельнікі віталі Аляксандра Ярашука, былога палітвязня і аднаго з лідараў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі. Гэты жэст стаў важным знакам салідарнасці з беларускімі прафсаюзамі, ліквідаванымі ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі, і з 20 прафсаюзнымі актывістамі, якія дагэтуль застаюцца ў беларускіх турмах праз сваю пазіцыю.
Праграма кангрэса ўключае цырымонію адкрыцця, выступ старшыні DGB Ясмін Фахімі, дыскусіі пра будучыню рынку працы, эканомікі і сацыяльнай абароны, а таксама выступы вядучых прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў Германіі.

У наступныя дні дэлегаты абмяркоўваюць справаздачу федэральнага праўлення, папраўкі да статута, прапановы і рэзалюцыі, а таксама выбіраюць новы склад кіроўных органаў DGB. 12 траўня перад удзельнікамі кангрэса павінен выступіць федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.
Удзел прадстаўнікоў БКДП і Salidarnast у такім буйным прафсаюзным форуме пацвярджае, што тэма рэпрэсій супраць работнікаў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі застаецца ў міжнароднай павестцы прафсаюзнага руху. Для беларускіх прафсаюзаў гэта яшчэ адна магчымасць нагадаць еўрапейскім калегам пра неабходнасць працягваць салідарнасць і дамагацца вызвалення ўсіх прафсаюзных палітвязняў.



Comments