Генсакратар МКП назваў вызваленне Аляксандра Ярашука адной з ключавых падзей мінулага года
- 18 hours ago
- 1 min read
Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (ITUC) Люк Трыангл у інтэрв’ю ACTRAV INFO, прысвечаным устойлівасці прафсаюзаў ва ўмовах глабальнай нестабільнасці, згадаў вызваленне старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука як адно з найважнейшых дасягненняў міжнароднага прафсаюзнага руху ў 2025 годзе.

Гаворачы пра «вызначальныя моманты» мінулага года, Трыангл адзначыў, што салідарныя кампаніі прафсаюзаў дапамаглі дамагчыся вызвалення беларускага прафсаюзнага лідара і ўтрымліваць увагу свету да рэпрэсій у шэрагу краін. У інтэрв’ю падкрэсліваецца, што ва ўмовах росту аўтарытарызму, канфліктаў і ціску на дэмакратыю прафсаюзы захоўваюць здольнасць дзейнічаць і «аднаўляць сілу пад ціскам», абараняючы прастору для правоў і свабодаў працоўных.
Ён таксама акрэсліў выклікі для прафсаюзаў у 2026 годзе: узмацненне каардынаванай атакі на дэмакратыю, правы работнікаў і міжнародныя інстытуты з боку ультраправых сіл, аўтарытарных урадаў і карпаратыўна-багатых груп уплыву.
У якасці ключавой рамкі працы МКП на 2026 год названая стратэгія Fight for Democracy — гэта абарона фундаментальных правоў у МАП, умацаванне міжнародных працоўных стандартаў і механізмаў нагляду, падтрымка прафсаюзнага арганізінгу і салідарнасці, асабліва там, дзе прафсаюзы сутыкаюцца з рэпрэсіямі.
На парадку дня таксама Міжнародная канферэнцыя працы ў чэрвені 2026 года, дзе чакаюцца важныя дыскусіі пра рэгуляванне платформеннай занятасці, развіццё сацыяльнага дыялогу і прасоўванне гендарнай роўнасці ў свеце працы, у тым ліку і абмеркаванне «беларускага пытання».
Як бачым, тэма рэпрэсій у Беларусі застаецца пад увагай сусветнай прафсаюзнай супольнасці. Пры гэтым нагадаем: у беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў, і наша пазіцыя нязменная — свабоду ўсім палітвязням.
Read in бел and eng





Comments