Дэпутат Бундэстага зноў павіншаваў беларускага палітзняволенага прафсаюзніка
Дэпутат нямецкага Бундэстага Хельге Лімбург, які ўзяў шэфства над беларускім палітзняволеным прафсаюзным актывістам Андрэем Пагерыла, зноў накіраваў яму ліст. У ім парламентарый павіншаваў Андрэя Пагерыла з днём нараджэння і нагадаў, што пра яго не забываюць у Германіі.
Андрэй Пагерыла працаваў слесарам-рамонтнікам цэха «Аміяк-3» ААТ «Гродна Азот» і быў актывістам Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП). Яго затрымалі 17 верасня 2021 года ў межах крымінальнай справы «Рабочага Руху» па абвінавачанні ў «дзяржаўнай здрадзе». Пазней Андрэя прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі. У яго двое непаўналетніх дзяцей.

Папярэдняе віншаванне дэпутата вярнулася назад: паводле слоў Лімбурга, беларускія турэмныя ўлады, відаць, не змаглі даставіць ліст па цяперашнім месцы ўтрымання Андрэя. Таму дэпутат паўторна павіншаваў яго з днём нараджэння і пажадаў як мага хутчэй выйсці на свабоду і зноў быць побач з блізкімі.
«Больш за ўсё я жадаю Вам, каб Вы неўзабаве зноў атрымалі свабоду і змаглі праводзіць дні ў коле сваіх блізкіх», — напісаў Лімбург.
Дэпутат таксама адзначыў, што дагэтуль не атрымаў ніводнага адказу ад Андрэя. Ён мяркуе, што прычынай можа быць тое, што беларускія ўлады не перадаюць зняволенаму яго лісты.

У лісце Лімбург асобна звярнуў увагу на права зняволеных падтрымліваць сувязь са знешнім светам. Ён выказаў спадзяванне, што ўлады Беларусі будуць забяспечваць магчымасць перапіскі са сваякамі, сябрамі і тымі, хто аказвае зняволеным падтрымку.

Як і ў папярэдніх лістах, дэпутат прыклаў некалькі чыстых аркушаў паперы, каб Андрэй мог адказаць. «Я быў бы вельмі рады атрымаць ад Вас ліст», — завяршыў свой зварот Хельге.
Хельге Лімбург прадстаўляе ў Бундэстагу партыю «Саюз 90/Зялёныя» (Bündnis 90/Die Grünen). Дэпутат ужо працяглы час падтрымлівае палітзняволенага і рэгулярна накіроўвае яму лісты, нагадваючы такім чынам, што лёс беларускага прафсаюзніка застаецца ў полі ўвагі нямецкіх палітыкаў і міжнароднай грамадскасці.


Comments