У Бруселі адбылося пасяджэнне Моладзевага камітэта УЕРР
12–13 сакавіка адбылося пасяджэнне Моладзевага камітэта Усееўрапейскай рэгіянальнай рады Міжнароднай Канфедэрацыі Прафсаюзаў (МКП), на якім Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) прадстаўляў Яўген Дзенісенка.
Маладыя прафсаюзныя актывісты з Сербіі, Албаніі, Беларусі, Нідэрландаў і Нарвегіі абмеркавалі рэгіянальную прафсаюзную павестку на 2026 год. Удзельнікаў вітаў выканаўчы сакратар УЕРР Антон Лепік, які прадставіў працоўны план на бягучы год. Асаблівая ўвага была нададзена рэгіянальнаму мандату УЕРР у падрыхтоўцы да Кангрэса МКП 2027 года, які пройдзе ў Вене. Лепік падкрэсліў ролю Моладзевага камітэта ў гэтым працэсе, замацаваную яго статутнымі паўнамоцтвамі.

Тод Борган, дырэктар па кампаніях і арганайзінгу ў МКП, распавёў пра ключавыя прыярытэты МКП і цяперашнія глабальныя кампаніі. Кампанія «За дэмакратыю» накіраваная на кансалідацыю работнікаў вакол прафсаюзнага бачання дэмакратыі. Яна ахоплівае тры ўзроўні дэмакратыі: на працоўным месцы, у грамадстве і на глабальным узроўні.
У гэтым годзе таксама чакаецца гістарычнае рашэнне Міжнароднай канферэнцыі працы — прыняцце Канвенцыі, якая гарантуе фундаментальныя правы платформенных работнікаў. Глабальная кампанія МКП у абарону правоў платформенных работнікаў зрабіла значны ўнёсак у дасягненне гэтага выніку.
Моладзевы камітэт УЕРР застаецца важнай пляцоўкай для абмену досведам і рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж маладымі прафсаюзнымі актывістамі. Яго актыўная праца адпавядае аднаму з ключавых прыярытэтаў МКП — актыўнаму ўцягванню моладзі ў прафсаюзны рух.



Comments