top of page
Search

Беларускія незалежныя прафсаюзы выступілі на Еўрапейскім савеце прадпрыемства Yara International

4 hours ago
2 min read

Прадстаўнікі БКДП і Salidarnast e.V. прынялі ўдзел у сустрэчы Еўрапейскага савета прадпрыемства Yara International, якая прайшла 3 лістапада ў Осла. Асобная частка праграмы была прысвечана сітуацыі з правамі работнікаў і прафсаюзаў у Беларусі.


У сустрэчы ўдзельнічаў старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. Еўрапейскі савет прадпрыемства Yara запрашаў яго на свае пасяджэнні і раней, аднак апошнія гады Ярашук знаходзіўся ў беларускай турме. Гэтым разам яго ўпершыню змаглі асабіста павітаць на сустрэчы.


Ярашук падзякаваў членам Савета і яго старшыні Geir O. Sundbo за падтрымку незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных актывістаў, якія сталі палітзняволенымі.

Супрацоўніцтва з Yara пачалося яшчэ ў 2020 годзе на фоне падзей на «Беларуськаліі». Нарвежская кампанія тады закупляла ў прадпрыемства калій як адзін з кампанентаў для вытворчасці комплексных мінеральных угнаенняў. Незалежны прафсаюз паведамляў пра парушэнні правоў работнікаў і праблемы з бяспекай працы.


Пакуль Беларускі Незалежны прафсаюз дзейнічаў на прадпрыемстве, работнікі маглі паведамляць пра рызыкі непасрэдна з працоўных месцаў, а інфармацыя пра няшчасныя выпадкі станавілася публічнай. Да працы далучаліся і спецыялісты Yara па ахове працы і кіраванні рызыкамі.


Выканаўчая дырэктарка Salidarnast Лізавета Мерляк з партрэтам Вацлава Арэшкі
Выканаўчая дырэктарка Salidarnast Лізавета Мерляк з партрэтам Вацлава Арэшкі

Цяпер незалежны прафсаюз на «Беларуськаліі» знішчаны ўладамі, а смяротныя няшчасныя выпадкі працягваюцца. У прэзентацыі БКДП і Salidarnast былі прыведзены прыклады здарэнняў толькі за тры месяцы лета 2026 года.


На думку прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, адна з прычын таго, што адбываецца, — адсутнасць на прадпрыемстве незалежнай арганізацыі работнікаў, якая магла б кантраляваць умовы працы і адкрыта гаварыць пра праблемы. Да гэтага дадаюцца ціск на работнікаў і ўмяшанне дзяржавы ў кадравую палітыку прадпрыемстваў.


У прэзентацыі таксама гаварылася пра сітуацыю з працоўнымі правамі ў Беларусі ў цэлым: прымус работнікаў да ўступлення ў праўладную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, палітычныя праверкі пры працаўладкаванні і выкарыстанне паліграфаў кадравымі службамі.


У працы Савета ўдзельнічаў і старшыня Brazilian Works Council Yara International Marcio Rezende, Sales Manager у Yara Brasil Fertilizantes S.A.

Варта адзначыць, што за некалькі дзён да сустрэчы прадстаўнікі БКДП і Salidarnast удзельнічалі ў пасяджэнні з прадстаўнікамі Нарвежскага трохбаковага камітэта МАП, дзе абмяркоўвалася практычнае прымяненне артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да Беларусі.


Падчас сустрэчы Еўрапейскага савета прадпрыемства прайшла акцыя салідарнасці з палітзняволенымі прафсаюзнікамі — былой лідаркай незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан» Вольгай Брыцікавай і рэдактарам прафсаюзнага выдання Вацлавам Арэшкам.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page