top of page
Search

Беларускія і іранскія незалежныя прафсаюзныя лідары дамовіліся ўмацоўваць салідарнасць

  • 1 day ago
  • 2 min read

Падчас 23-га федэральнага кангрэса Канфедэрацыі нямецкіх прафсаюзаў (DGB) у Берліне старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і выканаўчая дырэктарка Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк сустрэліся з прадстаўнікамі Іранскай канфедэрацыі працы - за межамі (ILC).



Напярэдадні сустрэчы іранскі прафсаюзны лідар Пейманам Шаджыраці, апісаў становішча працоўных у сваёй краіне: рост коштаў і інфляцыі, зніжэнне рэальных заробкаў, пашырэнне часовых і нестабільных кантрактаў, аслабленне сацыяльнай абароны і сістэмны ціск на незалежную прафсаюзную дзейнасць. Асобна падкрэсліваецца, што іранскія працоўныя сутыкаюцца з арыштамі, звальненнямі за прафсаюзную актыўнасць, крыміналізацыяй працоўных патрабаванняў і абмежаваннем калектыўнай самаарганізацыі. У многім гэтая сітуацыя вельмі падобная да беларускай.


Іранскія прафсаюзныя актывісты адзначылі, што досвед беларускіх незалежных прафсаюзаў, якія дзейнічалі ва ўмовах моцнага ціску, мае для іх асаблівую каштоўнасць. Яны заклікалі да развіцця міжнароднай салідарнасці, абмену досведам паміж незалежнымі прафсаюзнымі сеткамі, падтрымкі ў міжнародных прафсаюзных структурах і больш шырокага асвятлення праблем іранскіх працоўных.


Аляксандр Ярашук лічыць, што гэтая сустрэча яшчэ раз паказала, наколькі падобнымі бываюць дыктатарскія рэжымы ў дачыненні да працоўных і прафсаюзаў. Ён падкрэсліў, што сітуацыя з правамі працоўных і незалежных прафсаюзаў у Іране вельмі нагадвае беларускую. Адметнай рысай такіх сістэм, паводле яго слоў, з’яўляецца імкненне падпарадкаваць работнікаў, пазбавіць іх права на аб’яднанне і трымаць у стане страху і пакорлівасці.

Падчас сустрэчы беларускія і іранскія прадстаўнікі абмеркавалі агульныя выклікі, з якімі сутыкаюцца працоўныя ў абедзвюх краінах, у тым ліку пераслед незалежных прафсаюзаў, турэмныя прысуды, гвалт і спробы знішчыць любыя формы самаарганізацыі. Было падкрэслена, што ў адказ на аб’яднанне сіл зла — дыктатарскіх рэжымаў у Беларусі, Іране, В'етнаме, Ганконге, М’янме і іншых краінах — павінны мацнець і сувязі паміж тымі, хто змагаецца за правы працоўных, свабоду аб’яднання і сацыяльную справядлівасць.


Сустрэча ў Берліне стала яшчэ адным крокам да ўмацавання міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці паміж беларускімі і іранскімі незалежнымі актывістамі. Бакі выказалі гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва і падтрымліваць адзін аднаго.


Read in eng and rus

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page