Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў адзначаны Прэміяй імя Джорджа Міні і Лэйна Кіркланда
- 4 days ago
- 1 min read
7 чэрвеня Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) атрымаў Прэмію імя Джорджа Міні і Лэйна Кіркланда ў галіне правоў чалавека. Гэта ўзнагарода з`яўляецца адной з самых прэстыжных міжнародных прафсаюзных прэмій.

Яна была ўручана намесніку старшыні БКДП Сяргею Антусевічу падчас канстытуцыйнага з’езда AFL-CIO ў Мінеапалісе.
— Для беларускага незалежнага прафсаюзнага руху гэта не проста прызнанне заслуг. Гэта знак міжнароднай салідарнасці з тысячамі беларускіх прафсаюзных актывістаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, звальненнямі, арыштамі і вымушанай эміграцыяй за сваю барацьбу за правы працоўных і свабоду аб’яднання, — адзначыў Сяргей Антусевіч.
— Для мяне вялікі гонар прадстаўляць сёння беларускі незалежны прафсаюзны рух на гэтай цырымоніі і прымаць узнагароду ад імя ўсіх тых, хто на працягу многіх гадоў адстойваў і працягвае адстойваць годнасць працоўных, нягледзячы на пераслед і ціск. Гэтая ўзнагарода належыць не асобным людзям. Яна належыць усім беларускім прафсаюзным актывістам — тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, хто быў вымушаны з’ехаць, хто прайшоў праз турмы і рэпрэсіі, але не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў.
Дзякуй міжнароднаму прафсаюзнаму руху за падтрымку і салідарнасць. Разам мы працягваем барацьбу за свабоду, справядлівасць і правы працоўных у Беларусі.
Нагадаем, што гэта не першая прафсаюзная ўзнагарода для беларускіх незалежных прафсаюзаў, але гэта не адмяняе прэстыжнасці амерыканскай прэміі, якой раней былі ўзнагароджаны прэзідэнт Бразіліі Лула да Сілва, працоўныя падчас Арабскай вясны, Міжнародная асацыяцыя журналістаў і іншыя.
Прэмія была заснаваная ў гонар выбітных лідараў амерыканскага працоўнага руху Джорджа Міні (першага прэзідэнта AFL-CIO) і Лэйна Кіркланда (яго наступніка), якія прысвяцілі сваё жыццё абароне дэмакратычных свабод і салідарнасці ва ўсім свеце.













Comments