Анджэй Пачобут падчас выступлення ў Еўрапарламенце ўзгадаў прафсаюзнага актывіста
- 2 days ago
- 1 min read
Былы палітвязень і журналіст Анджэй Пачобут, вызвалены 28 красавіка 2026 года ў ходзе абмену беларускімі і польскімі зняволенымі, 17 чэрвеня выступіў у Еўрапарламенце і ўзгадаў Вацлава Арэшку.

Лаўрэат Прэміі Сахарава падзякаваў усім, хто змагаўся за яго вызваленне і за вызваленне іншых беларускіх палітвязняў. Яшчэ ў снежні мінулага года Еўрапарламент прысудзіў яму Прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі», а ўзнагароду тады атрымала яго дачка.
Асабліва важна, што ў сваім выступленні Пачобут узгадаў больш за 800 палітвязняў і тых, хто застаецца за кратамі ў асабліва цяжкім стане. Сярод іх ён назваў палітвязня, актывіста прафсаюза РЭП Вацлава Арэшку.

Пачобут сказаў: «Я ўдзячны за тое, што былі названыя канкрэтныя імёны беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў асабліва цяжкім становішчы. На маіх вачах летам 2022 года Вячаслаў Арэшка — пажылы і хворы чалавек — страціў прытомнасць з-за спёкі. Я чуў, што ў наступныя гады ён страціў зрок».
Асацыяцыя Salidarnast нагадвае, што ў беларускіх турмах застаюцца больш за тысячу палітычных закладнікаў, сярод якіх не менш за дваццаць прафсаюзных актывістаў. Міжнародная салідарнасць застаецца ключом да іх вызвалення і аднаўлення свабоды прафсаюзаў у Беларусі.



Comments