Калі наймальнік ухіляецца ад пераводу работніка на іншую прафесію, паўстае пытанне: як абараніць свае правы? Артыкул раскрывае ключавыя аспекты гэтай праблемы, абмалёўваючы шляхі вырашэння і падкрэсліваючы важнасць правоў работніка ў кантэксце пераводу на іншую прафесію.
Да юрыста "Салідарнасці" прыйшло наступнае пытанне: Наймальнік адмаўляецца пераводзіць работніка на іншую прафесію, матывуючы адмову адсутнасцю работніка на замену прафесіі, на якой ён працуе. Што рабіць і куды звяртацца?
У першую чаргу неабходна памятаць, што права на заключэнне i скасаванне працоўных дагавораў з работнiкам належыць наймальнiку. У прыватнасці, згодна з артыкулам 12 Працоўнага кодэкса наймальнік мае права, у тым ліку заключаць і скасоўваць працоўныя дагаворы з работнікамі ў парадку і па падставах, устаноўленых Працоўным Кодэксам і заканадаўчымі актамі.
Іншымі словамі, работніку не забаронена ўступіць у перамовы з наймальнікам аб пераводзе яго на працу па іншай прафесіі, але абавязкі выконваць гэтую просьбу работніка ў наймальніка няма.
З гэтага вынікае, куды б работнік ні звярнуўся па вырашэнне гэтага пытання (прафсаюз, інспекцыя працы і нават суд), ён усюды атрымае аналагічны адказ, бо наймальнік мае права наогул не тлумачыць і не матываваць работніку падставы свайго рашэння.
Варта адзначыць, што змяненне дзейнага працоўнага дагавора ўрэгулявана артыкулам 30 Працоўнага кодэкса, у якім прапісаны яго парадак і падставы.
У прыватнасці, пераводам прызнаецца даручэнне наймальнікам работніку работы па іншай кваліфікацыі, пасады служачага (прафесіі рабочага) (за выключэннем змянення ў адпаведнасці з заканадаўствам назвы пасады служачага (прафесіі рабочага) у параўнанні з абумоўленымі ў працоўным дагаворы, а таксама даручэнне работы ў іншага наймальніка або ў іншай мясцовасці (за выключэннем службовай камандзіроўкі).
Перавод дапускаецца толькі з пісьмовай згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Працоўным кодэксам. Пры гэтым, забараняецца перавод работніка на працу, супрацьпаказаную яму па стане здароўя. Пры пераводзе на іншую пастаянную работу ў таго ж наймальніка з работнікам заключаецца працоўны дагавор з захаваннем агульных патрабаванняў Працоўнага кодэкса.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Калі вам неабходна персанальная бясплатная кансультацыя, звяжыцеся з нашым юрыстам праз абаронены чат.
Read this text in рус
Comments