Сёння, 21 ліпеня, з віцебскай калоніі № 3 вызваліўся праваабаронца "Вясны" і былы прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмін.
3 лістапада 2021 года яго асудзілі да трох гадоў зняволення паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні). За кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады.
Леанід Судаленка — праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі.
На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываліся ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта.
5 студзеня 2021 года ў грамадска-палітычным цэнтры, дзе знаходзіўся ў тым ліку і офіс "Гомельскай Вясны", адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Пасля ператрусу і допыту яго адпусцілі, але затрымалі праз два тыдні і змясцілі пад варту.
3 лістапада 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля распачаўся працэс над праваабаронцам і валанцёркамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Па справе было апытана больш за 200 сведак, а матэрыялаў больш за 77 тамоў.
3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, як і Таццяну. Марыя, якой запрасілі два з паловай гады калоніі, вымушана была пакінуць Беларусь. Адбываць тэрмін Леаніда этапавалі зімой 2022 года ў папраўчую калонію № 3 "Віцьбу", дзе ён працаваў на лесапільні і разборы правадоў.
У кастрычніку 2022 г. МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Source: spring96.org
Comments