top of page
Search

Гісторыя рэзананснай забастоўкі беларускага метро, якая 30 год таму ўзвар'явала ўлады

  • Writer: Salidarnast Belarus
    Salidarnast Belarus
  • 20 hours ago
  • 3 min read

Трыццаць гадоў таму прайшла забастоўка работнікаў Мінскага метрапалітэна, якая ўпершыню ў гісторыі постсавецкай Беларусі была жорстка падаўленая сілавымі метадамі. «Салідарнасць» успамінае, як улады пачалі пераходзіць ад перамоваў — да дручкоў.


ree

17 жніўня 1995 года на некаторых станцыях Мінскага метро з’явіліся аб’явы — «Станцыя зачынена па тэхнічных прычынах», а рух цягнікоў на адной з ліній аказаўся амаль паралізаваным.


Так гараджане даведаліся пра забастоўку, якая стала вынікам канфлікту паміж работнікамі і адміністрацыяй Мінскага метрапалітэна: па распараджэнні тагачаснага дырэктара Уладзіміра Набежкі былі адменены надбаўкі за бязаварыйную працу і зрэзаны прэміі.


ree

Прафсаюзы заявілі, што гэтыя рашэнні парушаюць умовы калектыўнай дамовы і запатрабавалі ад адміністрацыі пачаць перамовы. Але кіраўніцтва метрапалітэна адмовілася выконваць патрабаванні, і на сходзе работнікаў — сябраў Свабоднага прафсаюза — было прынята рашэнне аб правядзенні забастоўкі.


Яе планавалі ў ліпені, аднак затым адклалі — у надзеі ўсё ж дабіцца выканання ўмоў калектыўнай дамовы шляхам дыялогу. Які так і не адбыўся.


У жніўні пачаліся забастоўкі ў Гомелі і Мінску — пратэставалі кіроўцы тралейбусных паркаў, патрабуючы пагасіць запазычанасць па зарплаце.


17 жніўня да іх далучыліся работнікі Мінскага метрапалітэна.


Бастующие водители
Бастующие водители

Аднак улады ўжо 18 жніўня пагасілі запазычанасць перад вадзіцелямі тралейбусаў, і тыя вярнуліся да працы. А бастуючаму метро быў прапанаваны кароткі дыялог — з супрацоўнікамі АМАПу, унутраных войскаў і міліцыі.


Адзін з непасрэдных сведкаў тых падзей на ўмовах ананімнасці распавёў «Салідарнасці», што сілавое падаўленне забастоўкі стала шокам для ўсіх яе ўдзельнікаў, у тым ліку для лідараў іншых прафсаюзаў.


ree

— Ніхто не чакаў такой рэакцыі ад нядаўна абранага прэзідэнта. Дарэчы, першы званочак прагучаў у красавіку таго ж года, калі невядомыя супрацоўнікі сілавых органаў збілі і вывезлі з Вярхоўнага Савета 19 дэпутатаў ад парламенцкай фракцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку з-за нязгоды з рэферэндумам, ініцыяваным Лукашэнкам.

Раней адносна прафсаюзаў і рабочых гвалт ніколі не прымяняўся — на пачатку 90-х падчас некаторых забастовак, напрыклад, шахцёраў у Салігорску, з боку праваахоўных структур гучалі толькі пагрозы.


Метрапалітэншчыкі ж адчулі ўсё — «маскі-шоу», стрэлы ў паветра з крыкамі «Усім легчы, тварам у падлогу!» І, вядома, гэта было шокам, таму што мы тады думалі, што ў нас усё ж такі дэмакратычная дзяржава.


Як распавядаў кіраўнік першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Беларуськалій» Мікалай Новік, ён з таварышамі прыехаў у Мінск у першыя дні забастоўкі, каб падтрымаць транспартнікаў.


ree

Калі яны зайшлі ў офіс Свабоднага прафсаюза Беларускага, які тады ўзначальваў Генадзь Быкаў, то ўбачылі, што там сядзяць супрацоўнікі сілавых ведамстваў, а Генадзь не можа пры іх свабодна гаварыць, бо яны назіраюць за ім і ўсё фіксуюць — хто прыходзіць, што гучыць і г.д.


Тады салігорскія шахцёры былі гатовыя падтрымаць бастуючых, а ў выпадку прымянення гвалту — спыніць працу шахт. Вадзіцелі Салігорскага аўтапарку таксама падтрымалі патрабаванні мінскіх работнікаў метро.


Калі Мікалай Новік выйшаў з будынка і падышоў да мікрааўтобуса, на якім прыехаў з Салігорска, то ўбачыў прастрэленыя колы.

Акрамя таго, шок выклікала і, па сутнасці, выкраданне прафсаюзных лідараў Мікалая Канаха, Уладзіміра Макарчука і Генадзя Быкава. Тады сваякі доўгі час не маглі даведацца, дзе яны знаходзяцца.


Улады не задумваліся, што непавага да чалавека працы можа стаць ключавой у любым працоўным канфлікце. Па сутнасці, забастоўка метрапалітэншчыкаў стала вынікам непавагі да калектыўнай дамовы і яе выканання.


Што не перашкодзіла Лукашэнку ў 1995 годзе заявіць па тэлебачанні, што акцыю каардынавалі «нацыяналістычныя сілы» на чале з Беларуским Народным Фронтам, а Свабодны прафсаюз Беларускі нібыта разам з польскімі і амерыканскімі прафсаюзамі ўсё спланавалі.


Суд над удзельнікамі страйку
Суд над удзельнікамі страйку

Як была падаўлена забастоўка: спачатку былі ўгаворы вярнуцца да працы, потым пайшлі пагрозы звальненнямі, затым прыбылі амапаўцы і пачаліся разгоны акцый, а следам — пайшлі звальненні.


А яшчэ напрыканцы забастоўкі ўлады сабралі штрайкбрэхераў — чыгуначных машыністаў з усёй Беларусі, а таксама прывезлі інструктараў з Расіі.

21 жніўня 1995 года ўказам Лукашэнкі была прыпыненая дзейнасць Свабоднага прафсаюза Беларускага і першаснай арганізацыі Мінскага метрапалітэна прафсаюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў, які ўваходзіў у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (праз два гады ўказ быў прызнаны страціўшым сілу, і дзейнасць абедзвюх арганізацый аднавілася).


На судах прафсаюзныя лідары Генадзь Быкаў і Мікалай Канах атрымалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзімір Макарчук — 15 сутак.


Дасюль невядомая дакладная колькасць звольненых работнікаў метро — па розных крыніцах называюцца лічбы ад 16 да 58 чалавек.

Тады ж узнікла першая справа Міжнароднай арганізацыі працы супраць Беларусі з-за парушэння базавых Канвенцый у сувязі з забаронай дзейнасці прафсаюзаў. Скаргу ініцыяваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, а не ФПБ, хоць шкода была нанесеная абедзвюм структурам.


І ўсё ж, праз шмат гадоў, тыя часы ў гісторыі краіны ўспрымаюцца досыць «вегетарыянскімі» — да 30-годдзя падзей у Мінскім метро ўлады канчаткова расправіліся з незалежнымі прафсаюзамі, ліквідаваўшы іх і адправіўшы ў турму многіх лідараў і актывістаў.


Read in рус

Комментарии


Комментарии к этому посту больше не доступны. Обратитесь к владельцу сайта за дополнительной информацией.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page