top of page
Search

Год таму ўлады ліквідавалі дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі

Роўна год таму Вярхоўны суд спыніў дзейнасць Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых працаўнікоў, Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў".


Logos of liquidated trade unions
Лагатыпы ліквідаваных прафсаюзаў

Іск у Вярхоўны суд падаў генеральны пракурор Андрэй Швед. На думку пракуратуры, «падчас судовага разгляду ўстаноўлена, што замест абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў сябраў прафсаюзаў, прадухілення незаконных забастовак, прастояў, эскалацыі ў грамадстве кіраўнікі і шэраг сябраў названых прафсаюзаў прымалі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, масавых мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, распаўсюджваюцца. Па ўсіх фактах іх супрацьпраўнай дзейнасці ўзбуджаныя крымінальныя справы, а таксама прынятыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння».


У матэрыялы справы супраць незалежных прафсаюзаў увайшлі дадзеныя КДБ, у якіх былі пералічаныя ўсе выпадкі затрымання ці арыштаў прафсаюзных актывістаў. Іх выступленні на акцыях пратэсту ад свайго імя ці іх палітычных поглядаў. Нагадаем, што БКДП, як і іншыя прафсаюзы, якія ўваходзяць у яго, не ўдзельнічаў у выбарах і не агітаваў за кандыдатаў у прэзідэнты.


Аднак, пасля адкрытага антываеннага выступу пасля пачатку шырокамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, з 19 па 21 красавіка былі затрыманы 19 прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзнага руху. Гэта кіраўніцтва і супрацоўнікі офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама лідары і актывісты прафсаюзаў СПМ (Свабодны прафсаюз металістаў), якія ўваходзяць у БКДП, СПБ (Свабодны прафсаюз Беларускі), РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці).


Police in front of the BNP office in Navapolatsk
Міліцыя каля офіса пярвічкі БНП у Наваполацку

Таксама па рашэнні мясцовых уладаў, пракуратуры і судовай улады на Мазырскім НПЗ, наваполацкім "Нафтане" і ААТ "Гродна Азот" была спынена дзейнасць пярвічных арганізацый Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП). У маі 2022 года, прайшлі ператрусы і арышты ў цэнтральным офісе БНП, а таксама ў ягонай найбуйнейшай пярвічцы на ААТ “Беларуськалій”.


У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» увечары 11 ліпеня - праз месяц пасля таго, як Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці незалежных прафаб'яднанняў - быў паказаны прапагандысцкі фільм які дыскрэдытуе дзейнасць незалежных прафсаюзах. Яны былі паказаны, як "нячыстыя на руку арганізацыі, якія выкарыстоўвалі простых працоўных у сваіх карыслівых мэтах".

Prosecutor General Andrei Shved
Пракурор Андрэй Швед

18 ліпеня адбылося паседжанне Вярхоўнага суда па пытанні аб ліквідацыі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Слуханне адбылося ў прызначаны час без удзелу прадстаўнікоў прафаб'яднання. Перад гэтым выканаўчы орган БКДП апавясціў Вярхоўны суд, што не можа ўдзельнічаць у паседжанні ў сувязі з тым, што законныя прадстаўнікі БКДП Аляксандр Ярашук і Сяргей Антусевіч знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.


- Для нас відавочна, якое рашэнне прыме Вярхоўны суд. Без членскіх прафсаюзаў БКДП як аб'яднанне не мае прававой падставы для існавання, - заявіў тады выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў.

12 і 14 ліпеня Вярхоўны суд ліквідаваў членскія арганізацыі БКДП: Беларускі Незалежны прафсаюз, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Свабодны прафсаюз Беларускі і Свабодны прафсаюз металістаў.


Між тым, Генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы выказаў глыбокую заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі аб арышце прафсаюзных лідараў у Беларусі і запатрабаваў спыніць запалохваць людзей за тое, што яны скарысталіся сваім законным правам на свабоду асацыяцый.


Міжнародныя прафсаюзныя аб“яднанні не прызналі ліквідацыю БКДП і яго структураў уладамі Беларусі і да сённяшняга дня ўспрымаюць іх – як паўнапраўныя членскія арганізацыі. Генеральны сакратар МКП Шаран Бароў заявіла:


- Мы катэгарычна асуджаем гэты крок па знішчэнні незалежных прафсаюзаў Беларусі. Гэта толькі аддаліць краіну ад таго, каб быць найлепшым месцам для ўсіх працоўных. Ліквідацыя незалежных прафсаюзаў не перашкодзіць людзям патрабаваць захавання іх асноўных правоў і дзейнічаць адпаведна.

На сённяшні момант у Беларусі забаронена любая прафсаюзная дзейнасць па-за рамкамі праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). У турмах знаходзяцца каля паўсотні прафсаюзных лідараў і актывістаў, а шмат хто ўжо паспеў адбыць турэмнае зняволенне і выйсці на волю. Некаторыя прафсаюзныя лідары прыгавораны да неймаверных тэрмінаў арышту ад 9 да 15 гадоў.


Speech by a representative of the BCDP to the ICM
Выступ на Міжнароднай Канферэнцыі працы Максіма Пазнякова

Пасля такіх абуральных выпадкаў парушэння правоў чалавека і правоў на свабоду аб'яднання, Міжнародная Канферэнцыя Працы (МКТ) прымяніла супраць урада Беларусі 33 параграф Статута МАП і запатрабавала ад краін, якія ў яго ўваходзяць, паўплываць усімі магчымымі сродкамі на выкананне Беларуссю міжнародных нормаў працы.


У рэзалюцыі МКТ адзначаецца неабходнасць неадкладнага зняцця ўсіх абвінавачанняў і вызвалення прафсаюзных лідараў і актывістаў дэмакратычных прафсаюзаў. Таксама ад беларускіх уладаў патрабуецца ўнясенне паправак у заканадаўства, якія гарантуюць абарону работнікаў ад любых формаў дыскрымінацыі за ўдзел у мірных забастоўках у абарону сваіх прафесійных і эканамічных інтарэсаў.


Read this text in eng or рус

bottom of page