Заява кіраўніка МУС можа азначаць новую хвалю ціску на работнікаў
Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што прадпрыемствы павінны стаць адным з прыярытэтных напрамкаў «прафілактычнай» працы сілавікоў. Гэта прагучала 23 верасня падчас камандна-штабных вучэнняў МУС у Гомельскай вобласці.
«Прыярытэт — належная прафілактыка на прадпрыемствах: нельга дапусціць уцягвання людзей у дэструктыўны рух», — заявіў Кубракоў.

Сам міністр не ўдакладніў, якія менавіта меры маюцца на ўвазе пад такой «прафілактыкай». Таму казаць пра ўжо прынятае рашэнне правесці новую хвалю чыстак на прадпрыемствах пакуль нельга. Аднак фармулёўка Кубракова можа сведчыць пра ўзмацненне кантролю за работнікамі.
Кантэкст заявы ўзмацняе гэтыя асцярогі, паколькі вучэнні ў Гомелі ўключалі сцэнары падаўлення масавых беспарадкаў, а Кубракоў таксама прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы кіраўнікоў аператыўных штабоў, каб у «асаблівых умовах» яны маглі прымаць пэўныя рашэнні без санкцыі пракурора.
Прадпрыемствы ўжо станавіліся адным з галоўных аб’ектаў рэпрэсій пасля пратэстаў 2020 года. Праваабарончыя арганізацыі і БКДП фіксавалі і дакументавалі пагрозы, звальненні, затрыманні і крымінальны пераслед работнікаў і актывістаў незалежных прафсаюзаў. Акрамя таго, пасля падаўлення пратэстаў прайшлі звальненні работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, а таксама за падпіскі на незалежныя беларускія СМІ або праявы нелаяльнасці да дзеючага ў краіне палітычнага рэжыму.
На гэтым фоне словы кіраўніка МУС пра «прафілактыку на прадпрыемствах» выглядаюць не проста як агульная рыторыка.



Comments