Тры работнікі загінулі ў каналізацыйнай шахце ў Калінкавічах
- 9 hours ago
- 1 min read
1 верасня ў Калінкавічах загінулі тры работнікі філіяла «Калінкавічвадаканал»: 44-гадовы начальнік участка і два слесары ва ўзросце 43 і 37 гадоў.

Паводле папярэдніх даных Следчага камітэта, брыгада выконвала планавыя работы на каналізацыйна-помпавай станцыі. Работнікі павінны былі ачышчаць ад бытавога смецця так званыя «кошыкі-пасткі», размешчаныя ў каналізацыйнай шахце са сцёкавымі водамі.
Праз некаторы час работнікі перасталі выходзіць на сувязь. На станцыю накіравалі іх калегу. Ён выявіў асабістыя рэчы работнікаў, а ў калодзежы ўбачыў ліхтарык, які плаваў на вадзе. Пасля гэтага кіраўніцтва выклікала МНС. Ратавальнікі дасталі з каналізацыйнай шахты целы трох мужчын.
Следчыя ўзялі пробы паветра і сцёкавых вод, а таксама канфіскавалі дакументацыю па ахове працы і тэхніцы бяспекі. Прычыны трагедыі высвятляюцца.
Але ўжо цяпер гэтая гісторыя зноў ставіць пытанне не толькі пра фармальную наяўнасць інструкцый, журналаў і дакументаў па ахове працы, але і пра тое, як у рэальнасці арганізаваны кантроль бяспекі на працоўных месцах.
Няма незалежнага прафсаюза - няма незалежнага кантролю. Няма незалежнага кантролю - абарона работніка ператвараецца ў фармальнасць.
У Беларусі сістэма аховы працы ўсё часцей выглядае як частка адміністрацыйнай вертыкалі, дзе галоўным становіцца захаванне вытворчай і працоўнай дысцыпліны, а не рэальны кантроль за тым, у якіх умовах чалавек выконвае небяспечную працу і хто нясе адказнасць за яго бяспеку.
Пры гэтым у работнікаў практычна няма незалежнага інструмента кантролю. Незалежныя прафсаюзы, якія маглі б патрабаваць праверкі ўмоў працы, ставіць пытанне аб спыненні небяспечных работ і дамагацца незалежнага расследавання, былі знішчаны ўладамі.
Калі на прадпрыемстве няма незалежнага аб’яднання работнікаў, яны застаюцца сам-насам з наймальнікам і сістэмай унутранага кантролю.



Comments