Прадстаўнік Літвы пры ААН заклікаў тэрмінова вызваліць Вацлава Арэшку
Пастаянны прадстаўнік Літвы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Рытас Паўлаўскас (Rytis Paulauskas) сустрэўся з прадстаўнікамі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку са старшынёй БКДП Аляксандрам Ярашуком.

Сустрэча адбылася напярэдадні выступу Еўрапейскага саюза па Беларусі на пасяджэнні Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы.

Адной з галоўных тэм стаў лёс 71-гадовага прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшкі. Літоўскі бок падкрэсліў неабходнасць яго тэрміновага вызвалення. Арэшка адбывае васьмігадовы тэрмін зняволення і мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. За час зняволення ён практычна цалкам страціў зрок.
Прадстаўнікі БКДП перадалі літоўскаму дыпламату матэрыялы кампаніі ў падтрымку Арэшкі. Прадстаўнік Літвы таксама пацвердзіў падтрымку прымянення артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да Беларусі і выканання рашэнняў Міжнароднай арганізацыі працы.
Пазней, выступаючы ад імя Еўрапейскага саюза на пасяджэнні Адміністрацыйнага савета МАП, Паўлаўскас заявіў пра адсутнасць прагрэсу і супрацоўніцтва з боку беларускіх уладаў. ЕС запатрабаваў вызваліць усіх палітзняволеных, у тым ліку прафсаюзных актывістаў, аднавіць незалежныя прафсаюзы і неадкладна дапусціць у Беларусь гуманітарную і трохбаковую місіі МАП.
«Ціск будзе працягвацца, пакуль змены не стануць адчувальнымі, правяральнымі і незваротнымі», — гаворыцца ў паведамленні Пастаяннага прадстаўніцтва Літвы ў Жэневе.



Comments