21 верасня ў Амстэрдаме на міжнародным фестывалі салідарнасці FNV 2024 прадстаўнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў падзяліліся сваёй гісторыяй барацьбы за правы працоўных. У рамках мерапрыемства, арганізаванага Федэрацыяй прафсаюзаў Нідэрландаў (FNV), беларускія актывісты расказалі аб сітуацыі з прафсаюзным рухам у Беларусі і падтрымцы з боку міжнародных арганізацый.
На фестывалі выступіў Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні ліквідаванага ўладамі Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і былы палітвязень. Ён распавёў пра сваё двухгадовае турэмнае зняволенне, а таксама пра складаную сітуацыю дзясяткаў іншых прафсаюзных актывістаў, якія працягваюць знаходзіцца за кратамі.
Беларуская секцыя фестывалю была прысвечана праблемам рэпрэсій супраць незалежных прафсаюзаў, забароне іх дзейнасці і ліквідацыі БКДП. Удзельнікаў таксама цікавіла пазіцыя Міжнароднай Арганізацыі Працы (МАП), якая рэгулярна ўздымае беларускае пытанне адносна правоў працоўных, і роля міжнароднай салідарнасці ў барацьбе за вызваленне палітвязняў.
Акрамя таго, на фестывалі была арганізавана інфармацыйная зона, дзе госці маглі больш падрабязна даведацца аб бягучай сітуацыі ў Беларусі і атрымаць мерч з заклікам да вызвалення палітычных зняволеных.
FNV і БКДП супрацоўнічаюць ужо больш за 20 гадоў, праводзячы сумесныя мерапрыемствы і семінары па абароне працоўных правоў і ахове працы.
Фестываль стаў важнай платформай для прыцягнення ўвагі да рэпрэсій, якія працягваюцца супраць прафсаюзнага руху ў Беларусі і ўмацавання міжнароднай падтрымкі.
Comments