У Брэмене ўсталявалі камяні памяці тром сёстрам, дэпартаваным у Мінскае гета
Сёння, 17 лістапада, у Брэмене ўсталявалі тры Stolpersteine (камяні спатыкнення) у памяць пра сясцёр Берту, Наталі і Джэні Шылер. У лістападзе 1941 года іх дэпартавалі з Брэмена ў Мінскае гета.

У цырымоніі прынялі ўдзел жыхары Брэмена, прэзідэнтка Брэменскага парламента Antje Grotheer, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары RAZAM і прафсаюзнага цэнтра ў выгнанні Salidarnast. Беларускія арганізацыі падтрымалі фінансаванне ўсталявання памятных знакаў.
Памятныя знакі з’явіліся каля дома на Hamburger Straße 86, дзе сёстры жылі да прыходу нацыстаў да ўлады і наступных пераследаў. Пазней яны разам жылі ў так званым «яўрэйскім доме» на Bornstraße 5.
Берта Шылер нарадзілася ў 1880 годзе, Наталі ў 1881-м, Джэні ў 1889-м. Паводле даследчыкаў праекта Stolpersteine Bremen, яны альбо памерлі ад цяжкіх умоў жыцця ў гета, альбо былі забітыя падчас масавых акцый знішчэння, якія пачаліся летам 1942 года.
18 лістапада 1941 года з Брэмена ў Мінскае гета былі дэпартаваныя больш за 570 яўрэйскіх жыхароў горада. Паводле брэменскіх даследчыкаў, выжылі толькі некалькі чалавек. Большасць дэпартаваных пазней былі забітыя ў Мінскім гета або падчас масавых расстрэлаў у Малым Трасцянцы.

Праект Stolpersteine нямецкага мастака Гюнтэра Дэмніга існуе з 1995 года, а ў Брэмене з 2004-га. Невялікія бетонныя камяні з латуневай таблічкай усталёўваюць у тратуары каля дамоў, дзе жылі ахвяры нацысцкіх пераследаў. На таблічках пазначаныя імя чалавека і яго лёс. Сёння ў Брэмене такіх памятных знакаў ужо больш за 800.



Comments