У Беларусі штрафуюць і звальняюць за чытанне "няправільных" навін
- Salidarnast Belarus
- Jun 20
- 2 min read
У сённяшняй Беларусі падпіска на незалежныя СМІ можа каштаваць чалавеку не толькі працы, але і свабоды. Рэжым Лукашэнкі працягвае палітыку татальнага кантролю над інфармацыяй, прыраўноўваючы чытанне альтэрнатыўных крыніц да "экстрэмісцкай дзейнасці".

Паказальны прыклад – нядаўняя публікацыя ў праўладнай “Гродзенскай праўдзе”, дзе з відавочным гонарам апісваецца, як міліцыя вылічыла жыхара Мастоўскага раёна, які “на працягу некалькіх гадоў” чытаў незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. Мужчыну абвінавацілі ва "ўсвядомленым спажыванні экстрэмісцкіх матэрыялаў". Вынік - звальненне і самавіты штраф.
Размова не ідзе аб закліках да гвалту або парушэння закона. У якасці "злачынства" фігуруюць падпіска і рэгулярнае чытанне рэсурсаў, якія публікуюць незалежны пункт гледжання. Пры гэтым МУС адкрыта заяўляе, што праводзіць рэйды ў арганізацыі, прадпрыемствы і навучальныя ўстановы, дзе "ёсць рызыкі ўцягвання грамадзян у экстрэмізм".
Улады афіцыйна прызнаюць існаванне спісаў «схільных да экстрэмізму» - адсочванне такіх людзей ажыццяўляецца праз сістэму лічбавага сачэння. Лайк, рэпост ці падпіска становяцца падставай для ціску. «Інтэрнэт памятае ўсё», - палохала паведамляе Гарадзенская праўда, фактычна падмяняючы свабоду інфармацыі сістэмай лічбавага нагляду.
У 2025 годзе Беларусь застаецца краінай, дзе свабода слова знішчаецца сістэмна. У «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» – ужо тысячы крыніц, у тым ліку і нас. Калі за чытанне незалежнай інфармацыі караюць, казаць пра элементарныя правы, годнасць і будучыню становіцца немагчымым.
Паказальны эпізод. На нядаўняй Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла пару тыдняў таму, пытанне пераследу ў Беларусі працоўных за чытанне "экстрэмісцкіх" прафсаюзных рэсурсаў узняў прадстаўнік працоўных ад Вялікабрытаніі Сцівен Рассел. Дэлегацыя праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў на чале з Юрыем Сянько дэманстратыўна абуралася, называючы гэтыя факты «паклёпам». Іронія ў тым, што праз некалькі тыдняў Гарадзенская праўда сама пацвердзіла гэты факт.
Незалежныя прафсаюзы і праваабарончыя арганізацыі працягваюць фіксаваць такія выпадкі. Мы накіруем іх у тым ліку ў Міжнародную арганізацыю працы - як доказы пераследу беларускіх працоўных за доступ да інфармацыі.
Read this text in рус or eng
Comments