top of page
Search

Беларусаў, якія «засвяціліся» на пратэстах-2020, не бяруць на працу

Аб тым што ў Беларусі не спыняюцца масавыя звальненні «нядобранадзейных» працаўнікоў, якія былі заўважаны ў пратэстнай дзейнасці, або незалежных прафсаюзах, мы пісалі раней. Аднак існуе праблема з працаўладкаваннем зволеных за грамадзянскую пазіцыю. Радыё «Свабода» пагутарыла з беларусамі, якія «засвяціліся» ў 2020 годзе і цяпер ня могуць знайсці працу.


Беларусаў, якія «засвяціліся» на пратэстах-2020, не бяруць на працу
Марш свабоды. Жнiвень 2020, Мiнск, Беларусь.

Некаторыя работнікі распавялі, што праз удзел у падзеях 2020 году, затрыманні, суды і пратаколы цяпер маюць складанасці з уладкаваннем на працу ў Беларусі.


«Я трапіў на „суткі“ за падпіскі, кшталту „экстрэмізм“. З КДБ патэлефанавалі потым майму працадаўцу і сказалі мяне звольніць. Сказалі, што я вораг дзяржавы. Ён быў заўпарціўся, але пасля гутаркі з імі пагадзіўся на маё звальненне. Гэта была дзяржаўная праца», — расказвае Мікалай (імёны ўсіх герояў зменены дзеля бяспекі. — РС).


Суразмоўца дадае, што шукаў працу праз сайты вакансій, звяртаўся ў розныя арганізацыі і на прадпрыемствы. «Але мне на дзяржаўных прадпрыемствах адмовілі. Ды я разумею, што для іх вялікая рызыка браць мяне. Бо самі могуць падпасці пад рэпрэсіі за гэта. Ня кожны хоча рызыкаваць пасадай», — кажа Мікалай.


Пасля некалькіх месяцаў беспрацоўя ён уладкаваўся ў прыватную будаўнічую фірму. Але потым за яго зноў узяўся КДБ — выклікалі на допыт.

«Цяпер такая „фішка“, — гаворыць мужчына, — што ані ў міліцыі, ані ў КДБ не даюць на рукі ніякіх паперак — ні позваў, ні пратаколаў. Кіраўніцтва спыталася, чаму я ня быў на працы. Запатрабавалі пісаць тлумачальную. Я напісаў праўду, што быў у КДБ. Мне сказалі: „Па-нармальнаму табе лепш звольніцца“», — дадае Мікалай.


Фота: svaboda.org

«Сказалі: «Дык у цябе ж бэчэбэшны артыкул!»


Максім жыве ў адным з абласных цэнтраў. 9 жніўня 2020 году ён быў у Мінску ў сваіх справах і трапіў пад «хапун». Яго жорстка пабілі, кінулі на Акрэсціна і арыштавалі на 12 дзён.


Праз тры дні Максіма, як і большасць затрыманых пратэстоўцаў, адпусцілі з ізалятару. Ён кажа, што ня ўдзельнічаў у пратэстах і трапіў пад затрыманне выпадкова. Тым ня менш імя апынулася ў «нейкіх базах», і цяпер Максім мае праблемы з працаўладкаваннем.

Малады чалавек кажа, што ня здолеў знайсці працу нават кіроўцам.


«Знайшоў вакансію, прыйшоў туды, яны абяцалі мяне ўзяць. Потым праверылі па нейкай базе і кажуць: „Ты куды ўвогуле сунесся? У цябе ж бэчэбэшны артыкул!“», — расказаў Максім.


Урэшце ён уладкаваўся на завод грузчыкам. Кажа, што праца вельмі цяжкая, заробак — каля 400-500 рублёў за месяц.


«Узялі мяне, бо ніхто ня хоча ісці сюды. Тут ужо не казалі нічога пра „бэчэбэ“. Бо тут няма каму папросту працаваць», — дадаў Максім.


Паводле ягоных словаў, на гэтым заводзе працаваў чалавек, які адбыў тэрмін за камэнтары ў «справе Зельцара». Пасля тэрміну ён вярнуўся на завод, але ў працы яму адмовілі.


Фота: dw.com

«За аднаго затрыманага адказваў увесь аддзел»


Кацярына расказала пра сітуацыю ў дзяржаўнай арганізацыі. Нядаўна там, па яе словах, затрымалі маладога супрацоўніка за «нейкія каментарыі ў інтэрнэце».


«І пачалі разбірацца з усім аддзелам, дзе ён працаваў. Людзей пацягнулі ў міліцыю, правяралі тэлефоны, перапіскі, пагражалі, у тым ліку і начальніку аддзелу. Што, маўляў, ён такое тут развёў, ня бачыў „ворага“. Нават казалі, што гэты аддзел будзе расфармаваны. Але пакуль людзі працуюць, некаторыя атрымалі штраф. Адзін чалавек трапіў на „суткі“ і быў звольнены», — кажа Кацярына.


Пасля затрымання супрацоўніка ў арганізацыю прыходзілі міліцыянты, дадае суразмоўца. Праводзілі «прафілактычную гутарку».


«Казалі, каб не падпісваліся на дэструктыўныя тэлеграм-каналы, а таго няшчаснага, якога затрымалі, прыводзілі ў прыклад. Маўляў, і вам так будзе за падпіскі і каментары», — дадае жанчына.


Міхаіл расказаў, што ў ягонай сваячкі, маладой спэцыялісткі, пры прыёме на працу на завод пыталіся пра сваякоў за мяжой і стаўленне да вайны ва Украіне. А таксама ці ведае яна дзяржаўны гімн.


Раман нядаўна шукаў працу як кіроўца. Знайшоў у адной дзяржаўнай арганізацыі. Кажа, што прыём на працу расцягнуўся на тры тыдні.


«Патрабавалі характарыстыку з мінулага месца працы, потым яны пісалі запыты ў міліцыю, яшчэ некуды. Доўга правяралі па базах. Але як я нідзе не „засвяціўся“ у 2020 годзе, то маю кандыдатуру ўзгаднілі», — дадаў суразмоўца.

Наталля днямі была вымушаная звольніцца. «На праўладных тэлеграм-каналах з“явіўся допіс пра мяне. Знайшлі нейкія недвухсэнсоўныя пасты ў сацыяльных сетках за 2020 год. Хоць я ўсё пачысціла. Тым ня менш пасля допісаў пра мяне ў праўладных тэлеграм-каналах мне давялося звольніцца са словамі ад кіраўніцтва, што «цяпер ты працы нідзе не знойдзеш», — падзялілася Наталля.


Фота: Света Фар / belsat.eu / vot-tak.tv

Фармуецца адчуванне, што рэжым прымушае да выезду з Беларусі ўсіх тых, хто прымаў удзел у пратэстнай дзейнасць з жніўня 2020 года, або з“яўляецца яго «ідэйным ворагам». Сапраўды, на сённяшні момант выезд за мяжу – адзіны выхад для гэтай дэскрымінуемай катэгорыі грамадзян.



Чытаць гэты тэкст па eng цi рус


bottom of page