У Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Брэмене адкрылі выставу пра рэпрэсіі ў Беларусі
- Mar 19
- 2 min read
У Доме прафсаюзаў Брэмена Salidarnast / БКДП сумесна з DGB Bremen адкрылі выставу з партрэтамі прафсаюзных палітвязняў, якія сёння знаходзяцца ў беларускіх турмах. У фае будынка былі размешчаны ролапы з фотаздымкамі і інфармацыяй пра рэпрэсіі супраць незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.

У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх і нямецкіх прафсаюзаў. Старшыня DGB Bremen Хрысціян Вэхсэльбаўм падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра далёкую чужую праблему, а пра фундаментальныя правы чалавека і работніка.

Ён адзначыў, што «на выставе прадстаўлены твары калег, якія і сёння знаходзяцца ў зняволенні, — таму што яны робяць тое, што для нас натуральна: арганізуюць пратэсты, выказваюцца, змагаюцца за лепшыя ўмовы працы».
Гэта ясна паказвае: справа не ў тым, што мы «далёка». Справа ў асноўных правах. Гэтая выстава вяртае зняволеным іх твар — і нагадвае нам, што салідарнасць не ведае межаў. Наша пазіцыя ясная: свабоду зняволеным прафсаюзным дзеячам! Прафсаюзныя правы — гэта правы чалавека!»
Ён таксама нагадаў, што нямецкія прафсаюзы паслядоўна выступаюць супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. Пры гэтым ён адзначыў, што Salidarnast, якая працуе ў Брэмене, стала важным голасам незалежнага беларускага прафсаюзнага руху ў выгнанні і значным партнёрам для нямецкіх прафсаюзаў.

Прадстаўнік IG Metall Ульрых Брайтбах адзначыў, што яго прафсаюз паслядоўна ўздымае тэму рэпрэсій у Беларусі і праводзіў інфармацыйныя кампаніі з патрабаваннем вызвалення прафсаюзных актывістаў, у тым ліку Паліны Шарэнды-Панасюк, Аляксандра Ярашука і іншых. Пры гэтым ён нагадаў, што сёння ў беларускіх турмах па-ранейшаму застаюцца дзясяткі людзей, якія падвяргаюцца пераследу за сваю грамадзянскую і прафсаюзную пазіцыю.
На адкрыцці таксама выступіў былы палітвязень, лідар БКДП Аляксандр Ярашук. Стоячы побач з партрэтам Валянціна Цярэневіча, ён распавёў, што знаходзіўся з ім у адной турме, і нагадаў пра нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваюцца палітычныя зняволеныя ў Беларусі.
«Нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца ў нечалавечых, гулагаўскіх умовах, там нашы людзі застаюцца сапраўднымі людзьмі... Вось да чаго прыводзіць таталітарызм. Мы павінны зрабіць усё, каб нідзе ні ў адной краіне свету не было такой сістэмы».

Аляксандр Ярашук падзякаваў усім прысутным за падтрымку і салідарнасць міжнароднага прафсаюзнага руху з тымі, хто выступае супраць рэпрэсій у Беларусі.
«Я адчуваў вашу падтрымку, знаходзячыся за кратамі, і гэта тое, што падтрымлівае іх (палітвязняў — аўт.) дух сёння. Гэтая нябачная сувязь вельмі дапамагае ім».
Ад імя Salidarnast выступіла Лізавета Мерляк. Яна заклікала нямецкіх партнёраў працягваць практычную падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і садзейнічаць абароне тых, хто вымушаны тэрмінова пакідаць краіну праз ціск дыктатуры.

У сваім выступленні яна таксама падкрэсліла важнасць захавання і ўзмацнення міжнародных механізмаў кантролю, у тым ліку інструментаў Міжнароднай арганізацыі працы, якія дазваляюць аказваць ціск на рэжымы, што парушаюць свабоду аб’яднання. Асабліва важна, каб DGB і надалей заставаўся адной з вядучых арганізацый працоўных, якія падтрымліваюць міжнародныя механізмы абароны прафсаюзных правоў і дамагаюцца больш актыўнага абмеркавання сітуацыі ў Беларусі на трохбаковым узроўні — з удзелам работнікаў, працадаўцаў і ўрада Германіі.
Выстава ў Доме прафсаюзаў Брэмена будзе адкрытая на працягу месяца. Арганізатары спадзяюцца, што яе ўбачаць многія і што яна дапаможа яшчэ раз нагадаць: за дэмакратыю на працоўным месцы і свабоду аб’яднання варта змагацца.











