top of page
Search

Прафсаюзны актывіст спыніў галадоўку праз 51 дзень

Стала вядома, што фігурант справы “Рабочага Руху” і актывіст Беларускага Незалежнага прафсаюза Аляксандр Капшуль спыніў галадоўку. Пра гэта паведамілі праваабаронцы цэнтру “Вясна”.


Прафсаюзны актывіст спыніў галадоўку праз 51 дзень
Аляксандр Капшуль. Фота: Гомельская праўда

З 31 снежня Аляксандр трымаў галадоўку супраць парушэнняў заканадаўства падчас утрымання яго пад вартай у Гомельскім СІЗА. Галадоўка працягвалася 51 дзень. Таксама вядома, што першыя некалькі дзён галадоўка была сухой - адмова ад прыняцця не толькі ежы, але і вады.


Нагадаем, што Аляксандр Капшуль быў затрыманы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі 25 верасня 2021 года і перададзены КДБ Беларусі. Раней паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджана рука.

У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада ў закрытым рэжыме праходзіць судовы працэс па справе "Рабочага Руху", па якой праходзілі дзесяць палітвязняў. Аляксандр Капшуль, як і пяцёра іншых зняволеных — сябры Беларускага Незалежнага прафсаюза.


17 лютага суддзя Аляксандр Піскуноў вынес прысуд Аляксандру Капшулю — 15 гадоў пазбаўлення волі. У дачыненні да іншых фігурантаў справы таксама былі вынесеныя прысуды: Сяргей Шэлест — 14 гадоў калоніі; Уладзімір Жураўка — 15 гадоў пазбаўлення волі; Андрэй Пагерыла — 14 гадоў пазбаўлення волі; Ганна Аблаб — 11 гадоў турмы; Аляксандр Гашнікаў — 14 гадоў пазбаўлення волі; Сяргей Дзюба — 12 гадоў калоніі; Ігар Мінц — 12 гадоў пазбаўлення волі; Валянцін Цярэневіч — 12 гадоў пазбаўлення волі; Сяргей Шамецька — 12 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, для асуджаных прадугледжаны штрафы ў памеры ад 100 да 500 базавых велічыняў.


Усіх датычных абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшула дадаткова ў «незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерыла дадаткова абвінавачваюць у «паклёпе» (арт. 188 КК).


"Рабочы Рух" утвораны ў 2020 годзе. У ім аб'ядналіся беларускія працоўныя, у тым ліку лідары і актывісты забастовак, прафсаюзаў.

bottom of page