top of page
Search

Чаму арышт больш не абараняе работніка?

Адміністрацыйны арышт, які раней лічыўся ўважлівай прычынай адсутнасці на працы, сёння можа стаць прамой падставай для звальнення. Менавіта так і адбылося з жыхаром Гомеля: адседзеўшы 10 сутак у ІЧУ, ён паспрабаваў павялічыць тэрмін свайго арышту ў даведцы, каб апраўдаць адсутнасць. Аднак падробка дакументаў толькі пагоршыла сітуацыю.



Улетку мінулага года жыхар Гомеля адсядзеў 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання за адміністрацыйнае правапарушэнне. Пры выхадзе яму выдалі даведку, дзе быў указаны перыяд утрымання пад вартай. Гэты дакумент неабходна было прадставіць у аддзел кадраў, каб пацвердзіць прычыну адсутнасці на працы.


Аднак вяртацца на працоўнае месца мужчына не спяшаўся. У дакуменце з ІЧУ ён самастойна выправіў даты, павялічыўшы тэрмін арышту да 15 сутак.


Выпраўленні ў даведцы заўважылі ў аддзеле кадраў. Каб праверыць дакладнасць звестак, звязаліся з ізалятарам, дзе пацвердзілі, што мужчына правёў пад арыштам на пяць сутак менш. Наступствы фальсіфікацыі аказаліся сур'ёзнымі: работніка звольнілі, а справу перадалі ў суд.

Гэтая практыка з`явілася не выпадкова. З 30 чэрвеня 2021 года ў Працоўны кодэкс была ўнесена новая падстава для скасавання працоўнай дамовы па ініцыятыве наймальніка - адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў. На практыцы гэтую норму актыўна выкарыстоўваюць як чарговую меру для расправы над працаўнікамі, якія пратэстуюць, і для ачысткі прадпрыемстваў ад працоўных, нелаяльных уладам.


Сітуацыю пракаментаваў юрыст Асацыяцыі «Салідарнасць» Леанід Судаленка:



- Адбыццё адміністрацыйнага арышту з'яўляецца ўважлівай прычынай і не лічыцца прагулам, паколькі арышт не залежыць ад волі самога працаўніка. Пасля арышту дастаткова прадставіць у аддзел кадраў даведку, якая пацвярджае час знаходжання ў ізалятары і ўсё, пытанне закрытае. Былі праўда выпадкі ў практыцы, калі наймальнікі звальнялі адсядзеўшых «сутачнікаў» за прагулы, аднак суды заўсёды ў такіх выпадках знаходзілі ўважлівую прычыну. Бо прагул - гэта адсутнасць на працы ў першую чаргу без уважлівай прычыны.


Аднак сітуацыя карэнным чынам змянілася ў 2021 годзе, калі ў працоўнае заканадаўства ўнеслі на гэты конт асобны дадатак. Артыкул 42 Працоўнага кодэкса, які рэгулюе скасаванне працоўнай дамовы па ініцыятыве наймальніка, дапоўнены асобнай падставай для звальнення: «адсутнасць на працы ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў».

- І хоць дадзеная норма з'яўляецца правам, а не абавязкам наймальнікаў, тым не менш, шанцы не страціць працу пасля адміністрацыйнага арышту ў сённяшніх умовах працы ў Беларусі роўныя практычна нулю.


Read this text in рус

Comments


Commenting has been turned off.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page