top of page
Search

Прафсаюз РЭП атрымаў перамогу ў ААН

Камітэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН) па правах чалавека ўстанавіў парушэнні правоў на мірны сход і свабоднае выказванне меркавання старшыні прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча.



Аб прынятым у Жэневе рашэнні быў праінфармаваны прафсаюзны юрыст Леанід Судаленка, які абараняў лідара РЭП на міжнародным узроўні.


У 2016 годзе Генадзь Фядыніч разам з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў пратэставалі ў цэнтры Мінска супраць адмовы Мінгарвыканкама ў выдзяленні памяшкання для правядзення прафсаюзнага сходу. Прафсаюзніка абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП), за што пасля суд Цэнтральнага раёна Мінска выпісаў яму значны штраф (6 300 000 руб.)


Каментуючы прынятае ў Жэневе рашэнне Леанід Судаленка адзначыў поўнае ігнараванне з боку беларускіх праваахоўнікаў міжнародных абавязацельстваў краіны:


- Нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах, парушэнне якога паставілі ў віну Фядыніч не можа адмяняць дзеянні Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На жаль, нашыя аргументы не пачулі на нацыянальным узроўні, пасля чаго была пададзена скарга ў ААН.

Прафсаюзны юрыст адзначыў, як на стадыі камунікацыі з Камітэтам ААН афіцыйны Мінск спрабаваў ухіліцца ад адказнасці, абвінавачваючы юрыста прафсаюза ў невычарпанні наглядных сродкаў абароны (апеляцыі ў пракуратуру і да старшынь судоў), аднак гэта не дапамагло беларускім чыноўнікам.

Юрыспрудэнцыя і практыка Камітэта па правах чалавека зыходзіць з прынцыпу не толькі даступнасці, але і эфектыўнасці сродкаў прававой абароны, якія дзяржава забяспечвае. Нагляд, які ўсё яшчэ захоўваецца ў Беларусі не адпавядае гэтаму патрабаванню, такім чынам, не з'яўляецца эфектыўным.


Судаленка таксама адзначыў распачатыя пасля 2020 года маштабныя рэпрэсіі, якія закранулі і незалежныя прафсаюзы. У 2021 годзе на 3 гады ў турму быў кінуты і сам прафсаюзны юрыст, годам пазней быў арыштаваны і асуджаны на 9 гадоў Генадзь Фядыніч. Па рашэнні Вярхоўнага Суда ліквідаваная і прафсаюзная арганізацыя РЭП.

Згодна з прынятым рашэннем беларускі ўрад абавязаны прадаставіць прафсаюзнаму лідару эфектыўныя сродкі прававой абароны, уключаючы кампенсацыі ўсіх панесеных па справе расходаў, а таксама змяніць нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб практыка яго прымянення не прыводзіла ў далейшым да такіх парушэнняў.


І хаця ў 2023 годзе ўрад Беларусі паспяшаўся выйсці з працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека, тым не менш, прававы дэмарш не вызваляе афіцыйны Мінск ад захавання грамадзянскіх і палітычных правоў беларускіх грамадзян.


Юрыст Судаленка, які выйшаў летась на свабоду, адзначыў, што Рэспубліка Беларусь, на жаль, стала адзінай дзяржавай у XXI стагоддзі, якая выйшла з Факультатыўнага пратакола, ратыфікаванага на міжнародным узроўні 117 дзяржавамі:


- У новай Беларусі ўсе прынятыя ў ААН рашэнні абавязкова будуць выкананы, а ахвяры парушэнняў атрымаюць справядлівыя і разумныя кампенсацыі.


Read this text in eng or рус

bottom of page