Праца па сумяшчальніцтве - гэта магчымасць зарабіць больш, але пры гэтым важна разумець усе прававыя нюансы. Як абараніць свае правы, якія абмежаванні і кампенсацыі, і як правільна аформіць працоўны дагавор? Адказы на гэтыя пытанні ўтоены ў артыкулах Працоўнага кодэкса. Даведайцеся ўсё, што трэба ведаць аб унутраным і знешнім сумяшчальніцтве, каб не сутыкнуцца з нечаканымі праблемамі на працы.
Пытанні працы па сумяшчальніцтве ўрэгуляваны артыкуламі 343-351 Працоўнага кодэкса.
Сумяшчальніцтва – выкананне работнікам у вольны ад асноўнай работы час аплатнай работы ў таго ж (унутранае сумяшчальніцтва) або ў іншага (іншых) наймальніка (наймальнікаў) (знешняе сумяшчальніцтва) на ўмовах іншага працоўнага дагавора.
У працоўным дагаворы абавязкова ўказваецца, што работа з'яўляецца сумяшчальніцтвам.
Заключэнне працоўных дагавораў аб рабоце па сумяшчальніцтве з некалькімі наймальнікамі дапускаецца, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.
Для работы па сумяшчальніцтве згоды наймальніка па месцы асноўнай работы не патрабуецца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных працоўным заканадаўствам.
Пры прыёме на працу па сумяшчальніцтве да іншага наймальніка работнік абавязаны прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу. Пры прыёме на працу, якая патрабуе спецыяльных ведаў, наймальнік мае права запатрабаваць ад работніка прад'яўлення дакумента аб адукацыі або дакумента аб навучанні, а пры прыёме на цяжкую работу або работу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы - даведку аб характары і ўмовах працы па асноўным месцы працы.
Аплата працы па сумяшчальніцтве праводзіцца прапарцыйна адпрацаванаму часу. Пры ўстанаўленні працуючым па сумяшчальніцтве з пагадзіннай аплатай нарміраваных заданняў аплата праводзіцца па канчатковых выніках за фактычна выкананы аб'ём работ.
Працоўны водпуск, працуючаму па сумяшчальніцтве, прадастаўляецца па іх жаданню адначасова з працоўным водпускам па асноўнай рабоце. Калі работнік не адпрацаваў на працы па сумяшчальніцтве шасці месяцаў, то працоўны водпуск даецца авансам. Калі працягласць працоўнага водпуску работніка на рабоце па сумяшчальніцтве меншая, чым працягласць працоўнага водпуску па асноўным месцы работы, наймальнік па просьбе работніка дае яму сацыяльны водпуск адпаведнай працягласці без захавання заработнай платы. Частка працоўнага водпуску працуючага па сумяшчальніцтву, якая перавышае працоўны водпуск па асноўнай рабоце, па пагадненню паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй.
Не дапускаецца занятак у дзяржаўных арганізацыях на ўмовах сумяшчальніцтва дзвюх кіруючых пасад, акрамя пасад майстроў і брыгадзіраў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.
Забараняецца работа па сумяшчальніцтве асоб маладзейшых за васемнаццаць гадоў, а таксама на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, калі па асноўнай рабоце і рабоце па сумяшчальніцтве заканадаўствам прадугледжана скарочаная працягласць рабочага часу. Не дапускаецца прыём па сумяшчальніцтве на матэрыяльна адказныя пасады служачых асоб, асуджаных за карыслівыя злачынствы, калі судзімасць не знята або не пагашана ва ўстаноўленым парадку, а таксама на тыя пасады служачых або віды дзейнасці, якія забаронены прыгаворам суда для асобных катэгорый грамадзян.
Гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя работнікам, якія сумяшчаюць працу з атрыманнем адукацыі, прадастаўляюцца толькі па асноўным месцы працы.
Іншыя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства, калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі прававымі актамі, прадастаўляюцца працуючым па сумяшчальніцтве ў поўным аб'ёме.
Акрамя падстаў, прадугледжаных Працоўным кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, працоўны дагавор з працуючым па сумяшчальніцтве можа быць спынены:
пры прыёме на працу работніка, для якога гэта работа будзе з'яўляцца асноўнай;
у сувязі з тым, што праца па сумяшчальніцтве стала для працаўніка асноўнай.
Іншыя асаблівасці рэгулявання працы асоб, якія працуюць па сумяшчальніцтве, для асобных катэгорый работнікаў (у тым ліку вызначэнне работы, якая не з'яўляецца сумяшчальніцтвам) устанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.
Вы можаце звярнуцца да нас за дапамогай. Калі ў Вас ёсць канкрэтная сітуацыя і вы не знайшлі тут адказу - вось спасылка на наш чат-бот, дзе вы атрымаеце індывідуальную кансультацыю.
Леанід СУДАЛЕНКА, юрыст Salidarnast e.V. з дваццацігадовым досведам у пытаннях абароны правоў працоўных Беларусі. Былы прававы інспектар дэмакратычнага прафсаюза РЭП, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лаўрэат міжнародных праваабарончых прэмій.
Read this text in рус
Comments