Дэпутат германскага Бундэстага і прадстаўнік партыі "Саюз 90/Зялёныя" Хельге Лімбург, запісаў відэазварот у другую гадавіну затрымання актывіста "Рабочага Руху" Андрэя Пагерылы.
У звароце Хельге Лімбург звярнуўся да палітычнага зняволенага і яго сям'і:
"Сёння спаўняюцца другія ўгодкі арышту прафсаюзнага актывіста Андрэя Пагерэлы ў Беларусі. Андрэя арыштавалі за тое, што ён адстойвае відавочныя рэчы ў сваёй краіне. За свабоду, за дэмакратыю, за правы чалавека. За права аб'ядноўвацца ў прафсаюз і разам адстойваць гэтыя правы.
Я з'яўляюся палітычным хросным Андрэя і ўжо год вяду кампанію за ягонае вызваленне.
Дарагі Андрэй Пагерыла, дарагая сям'я, калі ласка, не здавайцеся! Мы побач з вамі. Мы не супакоімся да таго часу, пакуль Вы не будзеце на волі! Бо барацьба за дэмакратыю, за свабоду, за асноўныя правы чалавека ў Беларусі будзе працягвацца!"
Андрэй Пагерыла - былы слесар-рамонтнік цэха "Аміяк-3" на ААТ "Гродна Азот" і член Беларускага Незалежнага прафсаюза. Ён быў асуджаны па справе "Рабочага Руху" на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па сфабрыкаваным крымінальным абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Бабруйскай Папраўчай калоніі №2.
Сімвалічныя "Хросныя" палітычных зняволеных працягваюць публікаваць адкрытыя звароты для сваіх падапечных, бо адміністрацыя беларускіх турмаў наўмысна не перадае лісты ад замежных асоб палітычным зняволеным.
コメント