У Тбілісі (Грузія) прайшла Глабальная канферэнцыя салідарнасці LabourStart, якая сабрала сотні прафсаюзных лідараў і актывістаў з усяго свету. Канферэнцыя была арганізавана LabourStart у партнёрстве з Канфедэрацыяй прафсаюзаў Грузіі і праходзіла з 28 па 30 красавіка. Асноўнай тэмай канферэнцыі стала "Прафсаюзны інтэрнацыяналізм сёння", аднак былі праведзены таксама пленарныя пасяджэнні і семінары па секцыях.
![](https://static.wixstatic.com/media/8c9c6d_dca84339f06a4766a8f46b9ce95f3497~mv2.jpeg/v1/fill/w_147,h_82,al_c,q_80,usm_0.66_1.00_0.01,blur_2,enc_auto/8c9c6d_dca84339f06a4766a8f46b9ce95f3497~mv2.jpeg)
На канферэнцыі абмяркоўваліся не толькі агульныя тэмы, але і праблемы, звязаныя з канкрэтнымі краінамі, у тым ліку Беларуссю. Была праведзена секцыя па тэме "Барацьба за правы прафсаюзаў у Беларусі", на якой выступілі В.а. старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў, лідар Асацыяцыі Salidarnast e.V. Лізавета Мерляк і кіраўнік "Рабочага Руху" Юрый Рававы.
![](https://static.wixstatic.com/media/8c9c6d_8a4a4377d84b44829e8a0260930b164c~mv2.jpeg/v1/fill/w_145,h_89,al_c,q_80,usm_0.66_1.00_0.01,blur_2,enc_auto/8c9c6d_8a4a4377d84b44829e8a0260930b164c~mv2.jpeg)
- Мы бачым, як капіталісты, транснацыянальныя кампаніі і дыктатарскія рэжымы ў розных канцах свету распраўляюцца з працоўнымі: сілавым шляхам душаць забастоўкі ў Казахстане, забіваюць працоўных на вуліцах М'янмы, гнояць прафсаюзнікаў у турмах Беларусі. Мы бачым, як гераічна змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і сваю будучыню, нашыя браты і сёстры ва Украіне, - адзначыў В.а. старшыні БКДП. - Гэта няроўны бой, бо мы не маем столькі рэсурсаў і грошаў як яны, у нас няма зброі і ваеннай тэхнікі. У нас ёсць толькі нашае слова, нашыя жыцці і нашая Салідарнасць.
Лізавета Мерляк выступіла перад удзельнікамі канферэнцыі:
- Я сябра Выканаўчай рады LabourStart, а таксама беларускі прафсаюзны актывіст і экстрэміст, і, такім чынам, палітычна перамешчаны беларус. Нас, тых, хто пападае пад гэтую катэгорыю, перамешчаных асоб, трагічна шмат. Таксама як і ў гэтай аўдыторыі сёння. Тых, хто не можа свабодна вярнуцца дадому, не баючыся патрапіць у турму.
![](https://static.wixstatic.com/media/8c9c6d_1030e01c5a3a477f97cce011a484968a~mv2.jpg/v1/fill/w_147,h_88,al_c,q_80,usm_0.66_1.00_0.01,blur_2,enc_auto/8c9c6d_1030e01c5a3a477f97cce011a484968a~mv2.jpg)
Яна распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, што прафсаюзныя актывісты ў выгнанні заснавалі арганізацыю “Salidarnast”, для падтрымкі прафсаюзных актывістаў, арыштаваных і асуджаных рэжымам Лукашэнкі:
- У партнёрстве і пры падтрымцы Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, Глабальнага саюза IndustriALL, IUF, PSI і Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў мы запусцілі інфармацыйную кампанію салідарнасці LabourStart "Прафсаюзная дзейнасць - гэта не экстрэмізм", каб нагадаць свету аб прыгнечаных у Беларусі. І нам патрэбная ваша салідарнасць, каб наш голас, дэмакратычны антываенны голас беларускіх працоўных, быў пачуты.
Удзельнікі канферэнцыі правялі акцыю салідарнасці з беларускімі прафсаюзнымі актывістамі, якія зараз знаходзяцца ў турмах або былі асуджаныя. Дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў сфатаграфаваліся з партрэтамі прафактывістаў.
На канферэнцыі былі абмеркаваны і іншыя важныя тэмы, такія як правы працоўных у Катары, Турцыі, Палестыне, а таксама выкарыстанне Mastodon у якасці альтэрнатывы Twitter для прафсаюзнай працы і паспяховасць глабальных інфармацыйных кампаній за правы прафсаюзаў.
LabourStart праводзіць канферэнцыі глабальнай салідарнасці ўжо больш за 10 гадоў. Папярэднія канферэнцыі праходзілі ў Лондане, Вашынгтоне, Гамільтане (Антарыё), Стамбуле, Сіднэі, Берліне і Таронта. Самая маштабная з іх сабрала 450 удзельнікаў у Берліне ў 2014 годзе.
Глабальная канферэнцыя салідарнасці LabourStart з'яўляецца важнай падзеяй для прафсаюзаў з усяго свету, якая дае магчымасць лідарам і актывістам абмеркаваць важныя тэмы і каардынаваць свае дзеянні.