ФПБ усё больш ператвараецца ў ідэалагічную структуру ўлады
Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), і без таго шчыльна ўбудаваная ў дзяржаўную сістэму, усё больш ператвараецца ў ідэалагічную структуру, далёкую ад сваіх першапачатковых задач. І ўжо нават фармальна гэтага не хавае. Намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч — пра тое, як ФПБ актыўнічае на ідэалагічным фронце.

Напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, прыдуманага рэжымам пяць гадоў таму, прафсаюз работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання правёў у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання сустрэчу з першакурснікамі. Яе тэмай стала «размова пра гістарычную памяць, суверэнітэт і пераемнасць пакаленняў».
Відаць, улады палічылі, што «працу» з моладдзю варта перыядычна ўзмацняць з дапамогай тых, хто ўжо даўно знаходзіцца ў іх падпарадкаванні і ахвотна бярэцца выконваць любыя ўказанні. І напярэдадні 17 верасня старшыня сектаральнага прафсаюза Юрый Дарагакупец адправіўся ў Брэст, каб распавесці, як цяжка 100 гадоў таму, "пры польскіх панах", жылося ў Заходняй Беларусі.

Каментуючы «Салідарнасці» дзіўныя трансфармацыі дзейнасці ФПБ, намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч адзначыў, што прафсаюз павінен выкарыстоўваць любую нагоду, каб ісці да моладзі.
— Калі б я і мае калегі былі на месцы кішэнных прафсаюзаў Лукашэнкі, мы б таксама пайшлі. Аднак пытанне ў іншым — пра што гаварыць з моладдзю.
Калі б моладзь на такіх сустрэчах вучылі, як паводзіць сябе пры ўладкаванні на працу, пры заключэнні працоўнага дагавора, на што трэба звяртаць увагу, якім чынам прафсаюз можа дапамагаць, што гэта ўвогуле за арганізацыя, — гэта было б зразумела, бо менавіта такія задачы стаяць перад сапраўднымі прафсаюзамі.
Але ФПБ пры рэжыме Лукашэнкі ператварылася ў яшчэ аднаго ідэалагічнага памочніка ўлады. Хоць чаму тут здзіўляцца — кіраўнік дзяржавы называў яе самай вялікай партыяй, вось яны і займаюцца партыйнай працай.
Але я баюся, што да стэрэатыпу пра прафсаюзы, які існаваў яшчэ ў савецкія часы, — гэта пуцёўкі і падарункі на Новы год, — ад якога мы, як незалежныя прафсаюзы, спрабавалі пазбавіцца, але які, на жаль, застаўся, сёння дадасца яшчэ адзін аспект.
То бок для адных цяперашнія праўладныя прафсаюзы — гэта спосаб прасунуцца па кар’ернай лесвіцы, а для іншых — своеасаблівае «гета», куды людзей зганяюць, каб прамываць ім мазгі.



Comments