2 ліпеня эксперты ААН заклікалі беларускія ўлады памілаваць ці змякчыць прысуд усім пажылым людзям, зняволеным паводле палітычных абвінавачанняў.
Незалежныя эксперты атрымалі спіс з 63 зняволеных старэйшых за 60 гадоў, у тым ліку 15 жанчын, пазбаўленых волі за рэальную або меркаваную прыналежнасць да палітычнай апазіцыі. Многія з іх адбываюць турэмнае зняволенне тэрмінам да 25 гадоў, іншыя ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах ці падвяргаюцца прымусоваму псіхіятрычнаму лячэнню. Некаторыя пакутуюць на хранічныя захворванні і маюць інваліднасць. Трое пажылых зняволеных утрымліваюцца без сувязі са знешнім светам.
"Спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў у Беларусі часта ўключаюць палітычных апанентаў і праваабаронцаў, якія падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню, уключаючы адмову ў медыцынскай дапамозе", - заявілі эксперты. Адзін з затрыманых, 67-гадовы мужчына, утрымліваецца без сувязі са знешнім светам з лютага 2023 года і можа быць ахвярай гвалтоўнага знікнення.
Беларускі парламент нядаўна прыняў закон аб амністыі для пенсіянераў, але ён не распаўсюджваецца на зняволеных па палітычных артыкулах. Эксперты ААН заклікалі Беларусь прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі і вызваліць усіх несправядліва асуджаных па палітычных матывах.
Нагадаем, што па палітычных артыкулах у турмах знаходзяцца дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў. Сярод іх ёсць пажылыя людзі з шэрагам цяжкіх захворванняў.
Эксперты звязваліся з урадам Беларусі па гэтым пытанні.
Read this text in рус or eng
Comments