top of page
Search

У дачыненні да юрыста «Салідарнасці» Леаніда Судаленкі ўзбуджаны новыя крымінальныя справы

  • Writer: Salidarnast Belarus
    Salidarnast Belarus
  • Apr 30
  • 2 min read

У красавіку 2025 года ў дачыненні да юрыста «Salidarnast», праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі былі ўзбуджаны тры новыя крымінальныя справы паводле артыкула 361-4 частка 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна».


Леанід Судаленка, юрыст Salidarnast
Леанід Судаленка, юрыст Salidarnast

Пра гэта праваабаронца паведаміў у сваім Facebook-акаунце:


"Тры новыя крымінальныя справы паводле арт. 361-4 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна».


9 красавіка 2025 г. заведзена справа за стварэнне і публікацыю 28.05.2024 відэа «Вясна прыйдзе» на YouTube-канале «Viasna96». Яшчэ дзве справы ўзбудзілі 20 і 24 лютага 2025 года — за ўдзел у перадачы «Палітбомонд» (эфіры ад 20.09.2023 і 08.10.2024) на YouTube-канале «6TV Bielarus», які рашэннем старшыні КДБ ад 29.11.2023 г. прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».


Следчы паведаміў, што за гэтыя дзеянні я не прыцягваўся да адказнасці на тэрыторыі Літвы. Адкуль у беларускіх спецслужбаў такая інфармацыя — не тлумачаць.

Маё хадайніцтва аб допыце праз відэасувязь было адхілена. Беларускае заканадаўства, маўляў, не прадугледжвае магчымасці такога фармату допыту для падазраваных. Мне прапанавана з’явіцца ў Следчы камітэт да 5 мая. Пасля гэтага нібыта будзе вырашацца пытанне і аб выбранай меры стрымання. Усе пастановы падпісаны капітанам юстыцыі Сямёнцавым І.В. і ўзгоднены начальнікам Гомельскага РАСК палкоўнікам юстыцыі Вараб’ёвым Д.Е. Копія таксама накіравана пракурору Гомельскага раёна Аляксандру Шынкарову.


Па тым жа эпізодзе з «Палітбомондам» крымінальная справа ўзбуджаная і супраць 74-гадовага в.а. старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Шанцава. Ганаруся быць з паддзельнікам-першаходам у адной кампаніі  

Безумоўна, гэта палітычны пераслед, скіраваны на спробы схаваць праўду, запалохванне і ціск. Працягваем змагацца, дамагаемся, не маўчым і кажам праўду!"


Нагадаем, што ў лістападзе 2021 года Леаніда асудзілі на тры гады пазбаўлення волі, і ён цалкам адбыў свой тэрмін. Праз дзве тыдні пасля вызвалення ён пакінуў тэрыторыю Беларусі і працягнуў сваю праваабарончую дзейнасць за межамі краіны. А ўжо праз тры месяцы пасля вызвалення супраць Леаніда было ўзбуджана новая крымінальная справа, вынікам якой стаў завочны прысуд Леаніду Судаленку — пяць гадоў пазбаўлення волі па аналагічных абвінавачваннях. Затым, у сакавіку 2025 года, Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў чарговую крымінальную справу ў дачыненні да юрыста асацыяцыі «Салідарнасць». Яго абвінавачваюць паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці».


Читать этот текст по-русски

Comments


Commenting on this post isn't available anymore. Contact the site owner for more info.
  • Facebook
  • Twitter
bottom of page