Супраць былога палітзняволенага і юрыста Salidarnast Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу. Інфармацыя пра гэта з'явілася 4 сакавіка ў тг-канале "Специальное производство. Официально". Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Што стала нагодай для новага палітычнага пераследу — пакуль невядома. Праваабаронца Леанід Судаленка пракаментаваў "Вясне" новую крымінальную справу супраць сябе.
"Упэўнены, такім чынам беларускія спецслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што пасля вызвалення я не здаўся і не замаўчаў. Я публічна выступіў як сведка катаванняў у беларускіх турмах у сценах Еўрапарламента. Пра ўмовы, у якіх вымушаны сядзець беларускія палітвязні, я публічна распавядаў на пляцоўках не толькі Францыі, Польшы, Германі і Фінлядыі. Не было таго незалежнага СМІ, з якім бы я адмовіўся размаўляць пра перажытыя тры гады турэмнага зняволення.
Ужо праз тры месяцы са дня вызвалення спецслужбы пачалі супраць мяне новую крымінальную справу, абвінаваціўшы ў дзвюх частках артыкула па экстрэмізме. Максімальны тэрмін па гэтаму артыкуле — да шасці гадоў. Наступным крокам будзе, напэўна, пазбаўленне беларускага грамадзянства, якое я атрымаў з нараджэння. Ну, а потым яшчэ, відаць, пачнуць чарговую спецвытворчасць па прызнанні майго факта нараджэння незаконным, бо ў краіне чацвёрты год працягваецца неабвешчананае надзвычайнае становішча. Сёння, дарэчы, "гарант Канстытуцыі" падпісаў Указ аб працы дзяржорганаў пры ваенным становішчы...
На кароткачасовай дыстанцыі тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць справу супраць мяне ў следчых камітэтах. Адно турбуе: кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне кінулі ў турму, не думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. Зацягваецца гэтая дыстанцыя — і гэта мяне зараз хвалюе. А так, дзякуй спецслужбам, адзначылі мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей працаваць на новую і дзеля новай Беларусі!"
Нагадаем, у лістападзе 2021-га году яго асудзілі да трох гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 года, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі. За межамі краіны ён працягнуў праваабарончую дзейнасць. А ўжо праз тры месяцы пасля вызвалення супраць Леаніда распачалі новую крымінальную справу.
Read this text in рус or eng
Comentários