top of page
Search

Старшынёй ФПБ абраны былы мытнік

Updated: Apr 10

У Мінску, 5 красавіка адбыўся IX пазачарговы З'езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), старшынёй праўладнага прафцэнтра быў абраны Юры Сянько. Экс-старшыня ФПБ Міхаіл Арда, пасля 10 гадоў службы, быў адпраўлены ў ніжнюю палату парламента ў якасці дэпутата.


Сяньк раней узначальваў Мытны камітэт \\ photo - sb.by
Сянько раней узначальваў Мытны камітэт \\ photo - sb.by

Лідарам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, па сутнасці, назначаны - Юрый Аляксеевіч Сянько. Сайт прафаб'яднання адзначае, што ён нарадзіўся ў 1967 годзе ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут жа пасля заканчэння школы ў 1984 годзе пачаў працоўную дзейнасць памочнікам камбайнера, рабочым па рамонце сельгасінвентара і ўступіў у шэрагі прафсаюза. На гэтым ягоная прафсаюзная кар'ера заканчваецца. Адразу відаць, вопытнага змагара за інтарэсы працоўных, які варты ўзначаліць чатырохмільённае прафсаюзнае аб'яднанне.


Астатнія трыццаць гадоў ён служыў у Дзяржаўным Мытным Камітэце і нават паспеў яго ўзначаліць. Пасля чаго быў назначаны Надзвычайным паслом Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.


Дарэчы "абіралі" яго на безальтэрнатыўнай аснове. Па сутнасці гэта гаворыць аб тым, што ён быў прызначаны Лукашэнкам, як і папярэднія прафсаюзныя дзеячы ФПБ - Леанід Козік і Міхаіл Арда.


У гутарцы з прэсай Юрый Сянько адзначыў:


- Паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі склалася добрая традыцыя пошуку рашэння. Ні спрэчак, ні барацьбы, а менавіта пошуку рашэння напярэдадні прыняцця таго ці іншага нарматыўнага акту, - усё ў "старых і добрых" традыцыях ФПБ.

Рабочыя, у разуменні новага лідара ФПБ, павінны працаваць і не адцягваць увагу на барацьбу за свае інтарэсы. Абаронай сябраў прафсаюза, на думку Сянько, зоймуцца афіцыйныя прафсаюзы:


- Работнік, які працуе на вытворчасці, не павінен задумвацца, ці ведае ён дакладна асновы працоўнага, або грамадзянскага, або адміністрацыйнага заканадаўстваў. Ён мусіць выконваць свае працоўныя абавязкі. Абараніць ягоныя інтарэсы, стварыць умовы без парушэнняў – гэта праца прафсаюзаў, – адзначыў Юры Сянько.


Акрамя таго, ён адзначыў, што прафсаюзы па-ранейшаму будуць удзяляць асаблівую ўвагу кансалідацыі грамадства, каб разам ісці да дасягнення агульных мэт.


- Гэта адзінства нашай нацыі, захаванне традыцый нашай краіны і ўсіх каштоўнасцяў, якія беларусы сёння беражліва захоўваюць, - канстатаваў новы старшыня прафцэнтра.


У інтэрв'ю ён таксама дадаў, што ФПБ працягне развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. Хутчэй за ўсё, менавіта яго мытны і дыпламатычны досвед, а не прафсаюзнае пакліканне, сталі тым, што ён быў прызначаны на гэтую пасаду.


Варта адзначыць, што ў дачыненні да Беларусі быў ужыты 33 параграф Статута МАП за сістэматычныя парушэнні асноўных правоў працоўных. Задачай ФПБ пад кіраўніцтвам Міхаіла Арды было не дапусціць прымянення гэтай меры. Аднак дэлегацыя праўладнага прафсаюза, урада і працадаўцаў не справіліся з пастаўленай задачай. Верагодней за ўсё, змены ў кіраўніцтве ФПБ звязаныя менавіта з гэтымі абставінамі.


Больш вопытнаму ў міжнародных справах кіраўніку ФПБ цяпер давядзецца накіраваць усе свае намаганні на ўмацаванне пазіцый беларускага ўрада ў МАП, а таксама наладжванне прафсаюзных сувязей з прафсаюзамі краін Глабальнага Поўдня.


Read this text in рус or eng

bottom of page