top of page
Search

Вынікі палітычнага пераследу ў Беларусі за 2023 год

Па інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», летась з рознымі відамі рэпрэсій сутыкнуліся сама меней 6 386 чалавек, з іх 1776 жанчын і 4566 мужчын. Але рэальныя лічбы могуць быць значна большымі, бо да праваабаронцаў не даходзяць усе звесткі пра рэпрэсіі. Сярод тысяч палітвязняў у Беларусі амаль 50 прафсаюзных лідараў.




Найбольшую колькасць рэпрэсій праваабаронцы зафіксавалі ў Менску і Менскай вобласці — 1535 чалавек. Наступнымі ідуць Гомельская і Гарадзенская вобласці — 1345 і 1023 чалавекі.


Паводле праваабаронцаў, летась па ўсёй краіне адбылося ня менш за 4466 судоў паводле палітычна матываваных артыкулах.

Беларускія суды прызначылі ня менш за 1822 штрафы на агульную суму ў 1 524 492 рублі (амаль 466 тысяч даляраў). Таксама суддзі прызначылі мінімум 2005 арыштаў. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі сама меней 22 988 сутак.

Акрамя гэтага, па інфармацыі «Вясны», судамі ў 22 выпадках былі прызначаныя грамадскія работы, а таксама з розных прычынаў спынена 38 справаў.


Для «палітычных» арыштантаў цягам трох з паловай гадоў ствараюцца «спецыяльныя» ўмовы ў камерах часовых ізалятараў, пішуць праваабаронцы. Увесь гэты час людзям не выдаюць сродкаў гігіены, заменнага адзення, пасцельнай бялізны. Іх не выводзяць ні ў душ, ні на свежае паветра. У такіх умовах некаторых арыштаваных утрымліваюць па некалькі месяцаў запар.


Пры гэтым камеры ўвесь гэты час застаюцца перапоўненымі. Таму людзі вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы і нават на стале. У якасці дадатковага ціску ў камеры падсаджваюць бяздомных людзей. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.

Для затрыманых не прымаюць перадач са зменнай бялізнай, сродкамі гігіены і лекамі, а мыла і туалетную паперу ім прыходзіцца часам выпрошваць у адміністрацыі па некалькі дзён.


Цёплай вады ў камерах звычайна няма, а халодную, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць.


Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся пасля сфальшаваных выбараў 2020 году, калі сотні тысяч беларусаў выйшлі на пратэсты, якія ўлады жорстка задушылі, арыштаваўшы дзясяткі тысяч чалавек. Падчас разгонаў пратэстаў былі забітыя і параненыя. З таго часу рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.


Крыніца: "Viasna"

Read this text in eng or рус

bottom of page