Nov 1, 20231 min

Прафсаюзнага лідара РЭП вярнулі ў калонію

Пра сітуацыю з палітвязнем Васілём Берасневым, які пакутуе ад ныркавай недастатковасці, «Радыё Свабодзе» расказаў Максім Пазнякоў, што часова выконвае абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Васіль Бераснеў, прафлідар прафсаюзу РЭП

«Яго абследавалі ў шпіталі на працягу двух дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі. Крыніцы, з якімі я кантактаваў, нават не ведаюць, як ён цяпер пачуваецца», — сказаў Свабодзе Максім Пазнякоў.

Паводле Максіма Пазнякова, Васіля Бераснева вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка.

У 73-гадовага Бераснева адна нырка. Праблемы са здароўем у палітвязня абвастрыліся яшчэ ў СІЗА, а ў калоніі № 15, што пад Магілёвам, стан здароўя рэзка пагоршыўся. Паводле дасведчаных крыніц, у яго павысіўся ціск і пачаліся моцныя болі ў нырцы. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Васіля Бераснева на пачатку кастрычніка забралі з калоніі і паклалі на абследаванне ў Магілёўскі абласны шпіталь.

«Сітуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходная перасадка, трэба біць ва ўсе званы і рабіць гэта неадкладна. А ўвогуле — палітвязня трэба вызваляць, і як мага хутчэй, і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасці», — казаў на пачатку кастрычніка праваабаронца Ігар Казмерчак.

Паводле Максіма Пазнякова, яму невядома, чаму ў Магілёўскім абласным шпіталі Васілю Берасневу аперацыю па перасадцы ныркі так і не зрабілі. «Мае крыніцы пра дыягназ таксама не ведаюць», — сказаў Максім Пазнякоў.

Васіль Бераснеў — лідар аршанскага прафсаюзу РЭП, быў выканаўцам абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Прафсаюзнага актывіста затрымалі 19 красавіка 2022 году ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў. Сёлета ў студзені Менскі гарадскі суд пакараў лідараў РЭП вялікімі тэрмінамі зняволення. Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў атрымалі па 9 гадоў калоніі, Вячаслаў Арэшка — 8 гадоў.

Крыніца

Read this text in eng or рус