May 2, 20232 min

Пратэстуючыя ў розных краінах патрабуюць вызвалення беларускіх прафсаюзных лідараў

Учора, 1 траўня, у розных краінах свету адбыліся акцыі ў Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. Удзельнікі выказалі свае патрабаванні да працадаўцаў і ўрадаў краін, у тым ліку - справядлівай аплаты і ўмоў працы. Аднак на многіх мерапрыемствах былі заўважаны і іншыя актуальныя тэмы. Многія ўдзельнікі пратэстаў патрабавалі вызвалення беларускіх прафсаюзных лідараў з турмаў.

У Еўропе ўдзельнікі акцый заклікалі да салідарнасці працоўных і асуджэння ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Ва ўмовах эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19, мільёны пазбавіліся працы. Па дадзеных прафсаюзаў, на фоне падзення эканомікі павялічылася колькасць парушэнняў працоўных правоў. Некаторыя дэманстранты таксама выказалі сваю падтрымку беларускім прафсаюзным вязням, патрабуючы іх вызвалення.

Сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі нярэдка застаецца ў цені, але сапраўдныя праблемы працягваюць існаваць. У Беларусі ўвесь час адбываецца пераслед за іншадумства. Палітычнымі зняволенымі прызнаны больш за 1500 чалавек, сярод іх 32 прафсаюзныя актывісты. Шмат хто вымушаны хавацца ад рэжыму, а некаторыя ўжо знаходзяцца ў турме. У такой сітуацыі ідэі салідарнасці і барацьбы за правы працоўных выходзяць на першы план і мусяць атрымаць міжнародную падтрымку.

Так, пра салідарнасць з народам і працоўнымі Беларусі, казаў Аляксандр Фернандэс, адзін з лідараў São Paulo Metroviários Union, Unidos Pra Lutar e a Revolução, LIS у Бразіліі:

- Працоўныя і прафсаюзныя дзеячы пераследуюцца дыктатарскім урадам краіны. У гэты момант мы просім усіх праявіць салідарнасць з беларускім народам і прафсаюзнымі дзеячамі.

Прэзідэнт Агульнапольскага альянсу прафсаюзаў (OPZZ) Пётр Астроўскі на мітынгу распавёў пра лідара БКДП Аляксандра Ярашука, якога рэжым асудзіў на 4 гады турмы за смеласць выказаць праўду ў твар улады.

Аляксандра Ярашука і іншых зняволеных прафсаюзных лідараў узгадвалі і на дэманстрацыі ў Парыжы, куды быў запрошаны сябра Асацыяцыі "Салідарнасць" Юрый Ярашук.

Салідарнасць з актывістамі БКДП праявілі і ўдзельнікі акцыяў пратэсту ў Жэневе, якую праводзіла міжнароднае аб'яднанне IUF. Нідэрландскія таварышы з FNV, якія супрацоўнічаюць з БКДП больш за 20 гадоў, таксама выступілі з напамінам аб рэпрэсіях у Беларусі і знішчэннем рэжымам лукашэнкі дэмакратычных прафсаюзаў.

Удзельнікі мітынгу IUF у Жэневе (Швейцарыя)

На шэсце FNV у Амстэрдаме (Нідэрланды)

У Германіі ў Брэмене актывісты Асацыяцыі “Салідарнасць” прынялі ўдзел у шэсці прысвечаным 1 траўня, а таксама мітынгу арганізаваным прафсаюзамі Брэмена, дзе быў размешчаны банэр з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі.

Для тысяч удзельнікаў акцый па ўсім свеце 1 траўня стаў Днём адзінства і барацьбы за свае правы. Спадзяваемся, што такія праявы салідарнасці дапамогуць у найхутчэйшым вызваленні беларускіх прафсаюзных актывістаў.

Read this text in eng or рус