top of page
Search

64 гады турмы на ўсіх

5 студзеня 2023 года ўвойдзе ў найноўшую гісторыю Беларусі, як адзін з драматычных эпізодаў прафсаюзнай гісторыі. У гэты дзень Мінскім гарадскім судом былі вынесены суворыя прысуды лідарам прафсаюзу РЭП - Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Суддзя Алена Папкова пад час закрытага працэсу вынесла прысуды актывістам у 9 і 8 гадоў пазбаўлення волі. За два апошнія гады ў Беларусі былі прыгавораны да турэмных тэрмінаў тры дзесяткі прафсаюзных актывістаў, у агульнай складанасці да 64 гадоў пазбаўлення волі.


64 гады турмы на ўсіх
Фота: econlib.org

Гэта не адзіны выпадак пераследу за прафсаюзную дзейнасць у Беларусі. За апошнія два гады праз следчыя ізалятары прайшлі сотні лідараў, актывістаў і сябраў дэмакратычных прафсаюзаў, якія ўваходзяць у не падкантрольны беларускім уладам прафсаюзны цэнтр – БКДП. А на працягу апошняга году, дзясяткі лідараў былі арыштаваныя па крымінальных абвінавачаннях і кінутыя за краты на гады. Агулам, тры дзясяткі прафсаюзных дзеячаў атрымалі 64 гады турэмнага зняволення і 12,5 гадоў абмежавання волі. Трэба дадаць, што гэта без уліку актывістаў, што праходзяць па справе «Рабочага руху», якім пагражаюць вялізныя тэрміны да 15 год. Такімі дзеяннямі рэжым помсціць актывістам прафсаюзнага руху за ўдзел у народных пратэстах 2020 года.


У якасці помсты выкарыстоўваюць і адміністрацыйны арышт. Нават гтакое непрацяглае пазбаўленне волі сёння выкарыстоўваецца як форма фізічнага і псіхалагічнага катавання. Так, па надуманых артыкулах лідарку прафсаюзнай арганізацыі на ААТ «Нафтан» Вольгу Брыцікаву трымалі за кратамі 75 содняў. Кожны раз працягваючы тэрмін арышту, прыдумваючы ёй правапарушэнні.


Вольга не адзіная жанчына, якую пераследуюць за прафсаюзную дзейнасць. Працяглы турэмны тэрмін атрымала намесніца старшыні прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк – 2,5 гады турмы. Намесніца старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Яніна Малаш – атрымала 1,5 гады турмы, таксама як і бухгалтарка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Ірына Бут-Гусаім. Апошнія дзве актывісткі маюць маленькіх дзяцей, што засталіся без мам на працяглы тэрмін.


Без бацькі засталіся дзеці віцэ-старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюза Аляксандра Мішука і лідара першаснай арганізацыі БНП на ААТ «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча.

Аляксандр правядзе у турме 2,5 гады, а Андрэй 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч, за фота з пратэсту, што стала доказам яго ўдзелу ў акцыі пратэсту, адарваны ад сям’і на 2 гады.


Гэтак званыя суддзі не прымалі да ўвагі ні ўзрост, ні стан здароўя падсудзімых. Частка лідараў прафсаюза ўжо людзі сталага веку. Аляксандр Ярашук, лідар БКДП, якому споўніўся 71 год, быў асуджаны на 4 гады турмы. Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч і Вацлаў Арэшка, былі асуджаныя на працяглыя тэрміны маючы сур’ёзныя праблемы са здароўем, якое пагаршаецца ў турэмным умовах.


На дадзены момант больш за сорак прафсаюзных актывістаў асуджаныя па крымінальных артыкулах. Некаторыя, як група студэнтаў – сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ), ужо паспелі адбыць пакаранне і выйсці на волю. Іншыя, што былі асуджаны напрыканцы 2022 года, рыхтуюць апеляцыі па сваіх справах і не збіраюцца мірыцца з прысудамі нават знаходзячыся за кратамі.


Такую жорсткасць з боку ўладаў можна растлумачыць толькі іх страхам і жаданнем запужаць рабочых. У мінулым годзе Генеральная пракуратура Беларусі ініцыявала ліквідацыю ўсіх дэмакратычных прафсаюзаў, што былі ў краіне.


Вярхоўны суд за некалькі дзён забараніў дзейнасць чатырох незалежных прафсаюзаў і прафсаюзнага цэнтру, што аб’ядноўваў тысячы рабочых на працягу апошніх 30 гадоў. Фактычна, прафсаюзная дзейнасць у Беларусі забаронена, а «абарона» правоў рабочых знаходзіцца пад кантролем праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Безумоўна, як і ўсе таталітарныя рэжымы, карная сістэма Лукашэнкі абапіраецца на тое, што ўсе прысуды будуюцца на падставе крымінальнай адказнасці. Большасць абвінавачванняў зводзіцца да ўдзелу актывістаў у масавых акцыях пратэстаў. Абсурдным выглядае абвінавачванне ў прызывах да санкцыяў. Абсурднае таму, што кіраўніцтва БКДП і лідары некаторых Незалежных прафсаюзаў публічна выступалі супраць санкцый на працягу апошніх гадоў. Рэжымныя абвінаваўцы таксама вінавацілі актывістаў у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адзін з прафсаюзаў, наогул, быў прызнаны КДБ экстрэмісцкай арганізацыяй, як і ўсе незалежныя СМІ, дзясяткі грамадскіх арганізацый і ініцыятываў у краіне.


Прафсаюзныя дзеячы і сябры прафсаюзаў, што былі арыштаваная за апошнія два гады, былі прызнаныя праваабарончымі арганізацыямі палітычнымі вязнямі. Міжнародная Арганізацыя Працы (МАП), за сістэматычны пераслед актывістаў і парушэння працоўных правоў, распачала працэс прымусу кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь праз 33 параграф свайго Статуту, да выканання ўзятых краінай на сябе міжнародных абавязкаў. Некалькі дзясяткаў еўрапейскіх дэпутатаў сталі «хроснымі бацькамі» зняволеных прафсаюзных дзеячаў, а міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні праводзяць акцыі па іх вызваленню.


Усё гэта можа дапамагчы дзясяткам беларускіх прафсаюзных актывістаў толькі ў тым выпадку, калі ўсе гэты дзеянні будуць скаардынаванымі і масавымі. Сёння міжнароднаму прафсаюзнаму руху кінуты выклік рэжымам Лукашэнкі, які плюе на міжнароднае права і міжнародныя нормы. Таму гэты выклік трэба прыняць, прадэманстраваўшы згуртаванасць і моц працоўнага дэмакратычнага руху.

Comentarios


Los comentarios se han desactivado.
bottom of page