top of page
Search

Чым пагражае статус «тэрарыста» для прафсаюзных актывістаў?

На мінулым тыдні Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) абнавіў тэрарыстычны спіс, куды на сённяшні дзень унесеныя 1011 чалавек. У адной кампаніі з міжнароднымі тэрарыстамі апынуліся і палітычныя апаненты Лукашэнкі, а з нядаўняга часу і прафсаюзныя лідары. Мы даведаліся, чым пагражае такі статус ужо зняволеным прафсаюзным дзеячам.

Чым пагражае статус «тэрарыста» для прафсаюзных актывістаў?
Фота: vanguardngr.com

На мінулым тыдні ў тэрарыстычны спіс былі ўнесены - лідар першаснай арганізацыі свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Арцём Жарнак і віцэ-старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Аляксандр Мішук. Акрамя таго, Мішука дадалі яшчэ і ў спіс «экстрэмістаў». Ёсць меркаванне, што ў бліжэйшы час гэты спіс папоўніцца і іншымі прафсаюзнымі актывістамі, якія былі асуджаныя па «санкцыйным» 361 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Нагадаем, што зараз у Беларусі асуджаныя і адбываюць прысуд больш за тры дзясяткі прафсаюзных актывістаў.


Патрапіць у адну кампанію з сапраўднымі тэрарыстамі справа непрыемная, але відавочна бачна, што гэта форма ціску на найбольш небяспечных апанентаў рэжыму. Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Беларусі, з 9 жніўня 2020 года па ліпень 2021 года было заведзена больш за 4200 крымінальных спраў, звязаных з "экстрэмізмам і тэрарызмам".

Арцём Жарнак i Аляксандр Мішук

Па дадзеных Следчага камітэта, за адзін год пасля выбараў была ўзбуджаная 4691 крымінальная справа па фактах "незаконных масавых мерапрыемстваў, беспарадкаў, пратэсных акцый, замахаў на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку". Антыэкстрэмісцкае заканадаўства трактуецца вельмі шырока і выкарыстоўваецца для падаўлення любой формы самаарганізацыі ў грамадстве, лічаць праваабаронцы.


Але цікава, на што ўплывае статус «тэрарыста», якім пазначаюць частку палітычных вязняў? З такім пытанне мы звярнуліся да праваабаронцаў цэнтру «Вясна».


У спіс «экстрэмістаў» уключаюцца як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, асуджаныя па "злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі па такіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, як напрыклад, 293 (удзел у масавых беспарадках), 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 341 (апаганьванне маёмасці) і іншыя "пратэсныя артыкулы".


Тым, каго ўнеслі ў «спіс» і асудзілі, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці, забараняецца займацца некаторай дзейнасцю. Гэта педагагічная і выдавецкая дзейнасць, Забараняецца займаць дзяржаўныя пасады і праходзіць ваенную службу. Часткова абмяжоўваецца заняцце медычнай дзейнасцю.


У дачыненні да асуджаных уводзіцца асаблівы фінансавы кантроль. Усе фінансавыя аперацыі ўключаных у "Спіс экстрэмістаў" грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю. Маецца на ўвазе здзелкі з грашовымі сродкамі незалежна ад формы і спосабу іх ажыццяўлення. Гэта і адкрыццё банкаўскага рахунку, разавыя плацяжы, пераводы, паступленне, выдача, абмен, унясенне грашовых сродкаў.


Калі "экстрэмісту" на рахунак перавядуць грошы, то пра гэта банк паведаміць у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Акрамя таго, усе ўдзельнікі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, будуць ідэнтыфікаваныя.


Такія абмежаванні і распаўсюджваюцца на тых, хто знаходзіцца ў няволі. У месцах няволі да вязняў, якія стаяць на такіх умовах, павышаная ўвага і кантроль. Праваабаронцы адзначаюць, што такі статус можна абскардзіць.


Адзначым, што комплексныя антыэкстрэмісцкія законы існуюць толькі на постсавецкай прасторы. Міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ і іншыя) часцей выкарыстоўваюць паняцце "гвалтоўны экстрэмізм" і супраць крыміналізацыі "экстрэмісцкіх" перакананняў, якія не вядуць да гвалту.

Прафсаюзныя дзеячы з усяго Свету былі шакаваныя ўключэннем сваіх калегаў у спісы «тэрарыстаў», што хутчэй за ўсё, толькі пагоршыць і так безнадзейную пазіцыю беларускага кіраўніцтва ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Беларускія прафсаюзы лічаць, што задача такіх дзеянняў традыцыйная для рэжыму – запалохванне працоўных. Як тых, што ўдзельнічалі ў пратэстах, так і тых, у якіх могуць з“явіцца пратэсныя думкі. Любая форма пратэсту сёння разглядаецца ўладамі Беларусі, як тэрарыстычная.


А пратэсныя настроі будуць нарастаць з шэрагу падстаў. Страх перад вайной і мабілізацыяй, эканамічныя праблемы, вышукванне іншадумства спецслужбамі, абмежаванне на выезд за мяжу – усе гэтыя раздражняльнікі могуць паспрыяць некантралюемаму і непрадказальнаму выбуху. Хутчэй за ўсё гэта разумеюць і ў Мінску, але нічога зрабіць не могуць. Паколькі, з-за вялікай колькасці стратэгічных пралікаў у Лукашэнкі сёння застаўся адзіны метад утрымання ўлады - запалохванне грамадзян.


Kommentare


Die Kommentarfunktion wurde abgeschaltet.
bottom of page