У разглядзе справы актывістаў Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), абвешчаны перапынак да 12 снежня
Пра гэта стала вядома дзякуючы праваабаронцам з «Вясны», паколькі працэс быў абвешчаны закрытым па хадайніцтве дзяржабвінаваўцы Рамана Бізюка. На паседжанні 6 снежня, пасля абвяшчэння абвінавачання, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко.
Нагадаем, што ў Мінскім гарадскім судзе 6 снежня працягваўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да трох прафсаюзных актывістаў: Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшкі
Іх абвінавачваюць у закліках да мераў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса).
Тым часам прызначаная дата суда над яшчэ трыма палітвязнямі прафсаюзнымі актывістамі — Аляксандрам Ярашуком, Сяргеем Антусевічам і Ірынай Бут-Гусаім. Іх пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе 20 снежня. Прафсаюзных лідараў абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).
Comments