top of page
Search

У Жэневе перад будынкам ААН запатрабавалі вызвалення беларускіх прафсаюзнікаў

Updated: Jun 5

Сёння, у Жэневе на Плошчы нацый, прайшла акцыя пратэсту з мэтай прыцягнення ўвагі да лёсаў дзясяткаў прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Месца і час акцыі абраны не выпадкова. У гэты момант у Жэневе праходзіць Міжнародная Канферэнцыя Працы, на якой будзе абмяркоўвацца сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі.



Перад будынкам ААН у Жэневе прайшоў мітынг пад слоганам "Прафсаюзны актывізм не экстрэмізм" з патрабаваннем вызвалення з беларускіх турмаў прафсаюзных лідараў. Акцыю падтрымалі швейцарскія прафсаюзныя актывісты, а таксама прадстаўнікі міжнародных і нацыянальных прафсаюзных аб'яднанняў.


Гэтымі днямі ў Жэневе праходзіць Міжнародная Канферэнцыя Працы, у якой бяруць удзел сотні прадстаўнікоў з усяго свету. У тым ліку ў Швейцарыю прыехала і ўрадавая дэлегацыя Беларусі ў складзе 12 чалавек.


На акцыі выступіў генеральны сакратар Міжнароднай Канфедэрацыі Прафсаюзаў (ITUC) Люк Трыянгл, намеснік генеральнага сакратара IndustriALL Кемаль Азкан, прадстаўнік IUF Кірыл Букетаў і лідары нацыянальных прафцэнтраў М'янмы, Украіны, Нідэрландаў і Турцыі.


Генеральны сакратар Міжнароднай Канфедэрацыі Прафсаюзаў (ITUC) Люк Трыянгл

Выступоўцы ў майках з выявай Аляксандра Ярашука, які знаходзіцца ў турме, нагадалі аб прынцыповасці для ўсяго міжнароднага прафсаюзнага руху асноўнага патрабавання, якое стаіць перад беларускімі ўладамі - вызваленне больш за сорак прафсаюзных лідараў з турмаў. А таксама спыненне ў Беларусі пераследу за прафсаюзную дзейнасць і захавання ўрадам узятых на сябе абавязацельстваў па выкананні канвенцый МАП.


Намеснік генеральнага сакратара IndustriALL Кемаль Азкан

Выконваючы абавязкі старшыні БКДП Максім Пазнякоў адзначыў, што заўтра на пасяджэнні камісіі па нормах і стандартах МАП, урадавая дэлегацыя і жоўтыя прафсаюзы ў асобе Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі пастараюцца навязаць удзельнікам пасяджэння свой парадак дня:


Максім Пазнкоў (зправа)

- Яны спрабуюць пераканаць увесь свет у тым, што з-за прыняцця Рэзалюцыі МАП уведзены санкцыі, якія адбіваюцца на становішчы беларускіх працоўных. Але яны чамусьці забываюцца ўказаць, што санкцыі былі ўведзеныя з-за саўдзелу ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны. З-за парушэння бяспекі палётаў і незаконнай пасадкі самалёта Ryanair і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Ён зазначыў, што ў Беларусі колькасць палітычных зняволеных чацвёрты год трымаецца на ўзроўні 1500 чалавек. Што ўсе выпадкі парушэння правоў чалавека зафіксаваны і знаходзяцца як у ААН, так і ў МАП. І ім давядзецца адказаць за свае злачынствы.


Заўтра ў Жэневе павінен прайсці Камітэт па прымяненні стандартаў МАП, дзе звычайна разглядаюцца сведчанні работнікаў з розных краін свету, якія сутыкнуліся з узмацненнем рэпрэсій і цяжкасцямі ў ажыццяўленні правоў, замацаваных у канвенцыях МАП. У гэтым годзе, асаблівая ўвага будзе нададзена сітуацыі ў Беларусі.


Read this text in рус or eng


Comments


Commenting has been turned off.
bottom of page