З 23 па 24 кастрычніка ў Брэмене прайшла міжнародная прафсаюзная канферэнцыя, прысвечаная правам працоўных у Беларусі. Мерапрыемства сабрала некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў глабальных прафсаюзных аб'яднанняў, нацыянальных прафсаюзаў і беларускіх лідараў прафсаюзнага руху. Ініцыятарамі і арганізатарамі канферэнцыі выступілі Salidarnast e.V., GLU, DGB і FES.
Лізавета Мерляк, лідар Salidarnast e.V., падзялілася інфармацыяй аб дзейнасці арганізацыі, накіраванай на прыцягненне ўвагі сусветнай супольнасці да беларускай праблематыкі і патрабаванням вызвалення палітычных зняволеных з працоўнага руху, у ліку якіх пяцьдзясят прадстаўнікоў дэмакратычных прафсаюзаў.
Нягледзячы на прыняцце Міжнароднай Арганізацыяй Працы рэзалюцыі і прымяненне 33 параграфа Статута МАП за невыкананне правоў працоўных, рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Штодня там адбываюцца затрыманні і арышты, уключаючы працоўных на іх працоўных месцах.
Некаторыя прафсаюзныя лідары ўжо паспелі адбыць пакаранні, аднак іх свабода ў Беларусі абмежавана. У шэрагу выпадкаў ім надаецца статус экстрэмістаў, што па сутнасці з“яўляецца пастаянным кантролем за іх дзеяннямі і абмежаванне іх правоў.
Адзін з былых палітычных зняволеных, Леанід Судаленка, які прысутнічаў на канферэнцыі, коратка распавёў пра ўмовы ў калоніі, а таксама пра становішча палітвязняў пасля вызвалення. Ён распавёў аб недастатковым медыцынскім доглядзе для палітвязняў, абмежаванні правоў і здзеках у калоніях.
За перыяд арышту пагоршыўся стан здароўя ў Генадзя Фядыніча, Вацлава Арэшкі, а Васілю Бераснёву неабходна перасадка ныркі. Узмоцнены рэжым утрымання для лідара БКДП Аляксандра Ярашука, які быў пераведзены з калоніі ў турму.
Сітуацыя для палітычных вязняў крытычная, і ўзроставыя зняволеныя, асуджаныя на працяглыя тэрміны, рызыкуюць не дажыць да свайго вызвалення.
- Падача скаргаў і бюракратычныя інструменты ўздзеяння на ўлады Беларусі занадта марудныя. Таму, магчыма, мы сёння павінны разгледзець іншыя механізмы, якія хутчэй будуць дзейнічаць, - адзначыў Леанід Судаленка.
У дадатак да даўно вядомых цяжкасцяў, звязаных з захаваннем правоў працоўных у Беларусі, нядаўна ўзнікла новая сур'ёзная праблема, звязаная з адмовай у прадастаўленні палітычнага прытулку прафсаюзнай актывістцы са Свабоднага прафсаюза металістаў, Але Цвірко. Ёй было адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку ў Швецыі з указаннем на тое, што крымінальны пераслед за прафсаюзную дзейнасць не лічацца міграцыйнай службай, як акт палітычнага пераследу. Нават падтрымка шведскіх прафсаюзаў не змагла змяніць меркаванне міграцыйнай службы.
З дапамогай Польскага прафсаюза "Салідарнасць" і Міністэрства Замежных Справаў Польшчы, Ала пазбегла дэпартацыі. Гэты выпадак можа стаць неспрыяльным прэцэдэнтам для іншых краін, дзе прафсаюзныя актывісты шукаюць палітычнага прытулку.
Другі важны момант – гэта прымяненне 33 параграфа Статута Міжнароднай арганізацыі працы да Беларусі. Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі, што яго прымяненне на практыцы мае ключавое значэнне для ўсяго сусветнага прафсаюзнага руху. Прыняцце гэтага параграфа на Міжнароднай канферэнцыі працы стала вынікам дваццацігадовых намаганняў.
- Калі мы не будзем выкарыстоўваць гэты інструмент, мы рызыкуем страціць яго, - адзначыў прадстаўнік IUF Кірыл Букетаў. - Мы не можам дазволіць сабе гэтага, асабліва перад тымі, хто знаходзіцца ў беларускіх турмах.
Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што ўсе структуры ААН і ключавыя асобы ў міжнародных структурах павінны быць праінфармаваны аб прыняцці параграфа 33 і механізме яго прымянення.
Па агульным меркаванні ўдзельнікаў канферэнцыі, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) не павінна разглядацца Міжнароднай Арганізацыяй Працы як прадстаўнік беларускіх працоўных, а яе членскія арганізацыі павінны быць выключаныя з глабальных прафсаюзных федэрацый.
Некаторыя членскія арганізацыі глабальных прафсаюзаў глядзяць на выключэнне дзяржаўных беларускіх прафсаюзаў, як на палітычную акцыю. Хаця гэтыя дзяржаўныя прафсаюзы і не хаваюць, што з'яўляюцца часткай палітычнай рэпрэсіўнай сістэмы Лукашэнкі. Іх знаходжанне ў шэрагах глабальных прафсаюзных аб'яднанняў, на думку ўдзельнікаў канферэнцыі, аслабляе пазіцыі дэмакратычнага працоўнага руху.
Удзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што неабходна праводзіць скаардынаваную работу з урадамі краін у рамках трохбаковых кансультацый па пытанню мер, якія прымяняюцца адносна Беларусі. Таксама важная праца з транснацыянальнымі карпарацыямі, якія працягваюць весці бізнэс у Беларусі. На думку амерыканскіх прафсаюзаў, механізм M-Power можа быць выкарыстаны для распаўсюджвання інфармацыі аб парушэннях правоў працоўных у Беларусі для тых прафсаюзаў, якія далёкія ад беларускіх рэалій. Акрамя таго, прафлідары ўпэўненыя, што неабходна ўвесці персанальныя санкцыі супраць тых, хто мае дачыненне да знішчэння дэмакратычных прафсаюзаў і арышту прафсаюзных актывістаў.
Для акцэнтавання ўвагі на праблеме знішчэння працоўнага руху ў Беларусі і салідарнасці з ім было прапанавана заснаваць міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі прафсаюзамі 19 красавіка і арганізаваць акцыі для прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы.
Марыя Жарылоўская і Юры Рававой заклікалі прафсаюзных лідараў далучыцца да інфармацыйнай кампаніі па прымусовай працы ў Беларусі і падтрымаць вырашэнне гэтай праблемы на сусветным узроўні.
Урачыстым момантам стала ўручэнне прэміі імя Артура Свэнсана, заснаванай Нарвежскім прафсаюзам Industri Energi, якая была ўручана БКДП яшчэ ў 2021 годзе. Гэтае мерапрыемства стала зручным момантам і прэмія была ўручаная прадстаўніком нарвежскага прафсаюза Эспенам Лёкенам выконваючаму абавязкі старшыні БКДП Максіму Пазнякову.
Сфармуляваўшы шэраг неадкладных дзеянняў, якія трэба будзе зрабіць у бліжэйшы час, канферэнцыя завяршыла сваю работу.
Comentarios