9 снежня ў брэменскім офісе Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў (DGB) была адкрыта выстава прысвечаная палітзняволеным прафсаюзным дзеячам з Беларусі
У фае брэменскага дому прафсаюзаў, дзе знаходзяцца офісы ключавых прафсаюзаў былі выстаўлены стэнды з партрэтамі прафсаюзных лідараў і актывістаў, што зараз знаходзяцца ў зняволенні. Некаторы з іх, напрыклад Андрэй Ханевіч і Яніна Малаш, ужо асуджаны і адбываюць пакаранне. Іншыя чакаюць прысуду. Агулам у беларускіх турмах сёння знаходзяцца некалькі дзясяткаў прафсаюзных актывістаў і лідэраў.
Любы з наведвальнікаў выставы зможа паўдзельнічаць у інфармацыйнай кампаніі LabourStart і падпісаць электронную петыцыю за вызваленне палітзняволеных і ўзнаўлення прафсаюзаў Беларусі, што былі ліквідаваныя ў ліпені гэтага года Вярхоўным судом
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў і старшыня брэменскай арганізацыі DGB Эрнэста Хардэр, якія далі інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу.
Мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня правоў чалавека і ўручэнню Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе лаўрэатамі сталі беларус Алесь Бяляцкі і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Гэта другая Нобелеўская ўзнагарода за гісторыю Беларусі. Першую ў 2015 годзе атрымала пісьменніца Святлана Алексіевіч.
DGB — нямецкі прафсаюзны цэнтр, член Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. Заснаваны ў 1949 годзе. З’яўляецца асацыяцыяй васьмі прафсаюзных федэрацый. Самая буйная (6,6 млн сябраў) і ўплывовая прафсаюзная арганізацыя Германіі, аб’ядноўвае 85% усіх працоўных, якія з'яўляюцца сябрамі якіх-небудзь прафсаюзаў.
Comments