top of page
Search

Старшыня асацыяцыі Salidarnast e.V.: «Месца, дзе чалавек можа практыкаваць прамую дэмакратыю»


Як актывісты прасоўваюць беларускую павестку ў Германіі і падтрымліваюць палітвязняў. I чаму пры любой уладзе аб’яднанні працоўных мусяць быць незалежнымі.


Брэмен, у дзень стварэння асацыяцыі

Напрыканцы жніўня 2020-га Лізавета Мерляк, міжнародная сакратарка тады яшчэ не ліквідаванага ўладамі Беларускага незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў (БНП) вярталася з сям’ёй дадому. Падышлі двое ў штацкім, схапілі яе, зацягнулі ў машыну і звезлі — сюжэт нібы з gangster movies, толькі ў рэальнасці.


— Гэта было 30-е, — згадвае Лізавета, — так званы дзень народзінаў Лукашэнкі. У Гародні мы «святкавалі» маршам ад цэнтра горада, стадыёна Чырвоны Сцяг, да псіханеўралагічнага дыспансера — усе ішлі з крычалкамі, было весела…


Тады ў горадзе некалькі дзён дзейнічала самакіраванне, нават было тэлебачанне і газета, быў свой квазіўрад, агулам мы пачуваліся неяк вольна. Але праз вельмі кароткі час пачаліся затрыманні.



Старшыня Асацыяцыі "Салідарнасць" Лізавета Мерляк


Маленькі сын Лізы, трохгадовы Косцік, падумаў, што маму скралі бандыты, і вельмі перажываў. А вось сама яна нават у пастарунку не адчула страху. Хіба, мераючы крокамі маленькую камеру, пракручвала ў галаве песню Dzieciuki «Чорны хлеб і гарбата».


— Але не было такога фаталізму, што вось, усё, мяне зараз закрыюць і я буду сядзець — ці некалькі год, ці пятнаццаць. Мабыць, таму, што на той час улады, сілавікі яшчэ не прадпрымалі такіх жорсткіх дезянняў супраць актывістаў цывільных арганізацый.


Дарэчы, у той дзень вестка пра затрыманне Лізаветы разляцелася хутка, і не толькі па Беларусі, але і па міжнародных прафсаюзных арганізацыях. У тым ліку дзякуючы іхняй салідарнасці і супольнаму ціску беларуску неўзабаве выпусцілі, а суд абмежаваўся толькі адміністрацыйным штрафам.



Паляванне на «экстрэмістаў» і апошні званочак. Гродна


У красавіку 2022-га, калі здарыўся маштабны «хапун» прафсаюзных актывістаў па ўсёй краіне, сітуацыя была ужо прынцыпова іншай. Літаральна ў адзін дзень сілавікі затрымалі кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП), Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), праводзілі ператрусы ў офісах і кватэрах чальцоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), Свабоднага прафсаюза беларускага (СПБ).


Яшчэ раней улады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускі прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Пад гэтую зачыстку трапіла і Лізавета Мерляк.


— Нас з сынам «узялі» проста ў краме, павялі пад канвоем дахаты, а там ужо быў вобшук. А за пару дзён да затрымалі амаль усіх лідараў незалежных прафсаюзаў: Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча, Ірыну Бут-Гусаім, Мікалая Шараха, Генадзя Фядыніча, з РЭПа ўсіх.


Незразумела, чаму нас, БНП, «на салодзенькае» пакінулі — але, па сутнасці, мы засталіся адзінымі, хто мог бы інфармаваць увесь прафсаюзны рух, у тым ліку міжнародны, аб тым, што здарылася, і на якія захады ідзе рэжым Лукашэнкі, каб знішчыць ужо ўсю дэмакратыю ў краіне.


Бо незалежныя прафсаюзы — такое месца, дзе працоўны чалавек можа практыкаваць прамую дэмакратыю. І калі ўлады пайшлі на тое, каб знішчыць гэты апошні прытулак дэмакратыі (у ліпені 2022-га, нагадаем, у Беларусі былі ліквідаваныя фактычна ўсе незалежныя прафсаюзы — С.) — ужо не выпадае казаць, што ўлада аўтарытарная, гэта поўны таталітарызм.


…Пасля 4-гадзіннага допыту — чалавек з «органаў», які праводзіў яго, не прадставіўся, але шмат што ведаў пра прафсаюзных актывістаў і іхнюю дзейнасць, — Лізавету адпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні.


— Пакуль у нас была рэвалюцыя ў 2020 годзе, я хадзіла на маршы цяжарная, і ў сакавіку 2021-га нарадзілася малодшая дачушка, — распавядае Лізавета. — І вось нібыта я дома, вярнулася да мужа і дзяцей, спяваю малой калыханку — але ў нас акрамя вобшуку пабывалі нейкія «тэхнікі» ў хаце, нешта корпаліся, і пасля гэтага візіту было адчуванне чагосьці іншароднага, перасцярога: а што, калі яны гэта слухаюць?


Зрэшты, калі праз некалькі дзён на судовым працэсе тэлеграм-чата «Незалежны Аз*т», адміністратарам якога з’яўлялася Ліза, пракурор чапляўся да даўніх рэпостаў з рэсурсаў, што ў 2020-м не лічыліся «экстрэмісцкімі», гэта яшчэ выклікала хутчэй абурэнне, чым боязь.


А вось далей пасыпалася адно за адным: чат прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», гарадзенскую пярвічку БНП — «экстрэмісцкай арганізацыяй». А 28 красавіка не дайшоў з працы дадому старшыня арганізацыі Андрэй Ханевіч, які працаваў на «Гродна Азоце» ў цэху «Карбамід 3» (пазней яму прысудзілі 5 год турмы нібыта за«дыскрэдытацыю Беларусі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — С.) . І гэта стала для Лізаветы дакладным званочкам: наступнай будзе яна.


— Літаральна за гадзіну я сабрала маленькую валізку з дзіцячымі рэчамі, а сама — як была, так і паехала, — згадвае яна. — Балазе, было месца, дзе мяне чакалі.



Незалежныя прафсаюзы 2.0. Брэмен


Новым месцам жыхарства для беларускі з двума маленькімі дзецьмі стала Германія.


— Чаму сюды? Бо ў 2014 годзе я вучылася тут на магісцерскім курсе ў Глабальным універсітэце працы (гэта міжнародная сетка ўніверсітэтаў, прафсаюзаў, НПА і Міжнароднай арганізацыі працы), і персанальна ведала ягонага каардынатара, экс-дыпламата, доктара Франка Хофера. Менавіта ён прапанаваў у выпадку небяспекі і пераследу з боку ўладаў — ехаць з Гродна да яго ў Брэмен.


Ды і раней даводзілася тут бываць — яшчэ ў дзяцінстве, за савецкім часам, з бацькамі жыла ў ГДР, а таму няблага ведаю нямецкую мову, маю сяброў з ліку сацыялістычнай моладзі Германіі і, канешне, прафсаюзаў.


На жаль, сям’я вымушаная была раздзяліцца, і муж застаўся ў Гародні. Аднак мне не было складана адаптавацца, я свабодна дыхаю ў Германіі, а вось дзеткі рэагуюць па-рознаму. Старэйшы ніяк не хоча вучыць нямецкую: у яго сябар у садку крыху валодае рускай і англійскай, то з ім толькі і стасуецца. А дачка ў свае два гады ўсё разумее, што ёй гавораць па-нямецку ў садку.


Хоць, безумоўна, усё адно ім і мне цяжкавата: у Беларусі пакідаеш усіх сяброў, усіх родных і блізкіх… Але сумавалі мы не вельмі доўга, бо ў нас з Франкам Хоферам і прафсаюзамі гэтага рэгіёна быў выбітны план: перацягнуць сюды тых калегаў, якія таксама пад пагрозай арышту і пераследу з боку ўладаў, і захаваць ідэю беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў, быць іхным голасам у той час, калі гэта нельга зрабіць у Беларусі.


Так, расказвае актывістка, удалося прывезці ў Германію старшыню БНП і в.а. старшыні БКДП Максіма Пазнякова і яго сям’ю, чальцоў БНП Рамана Ерашэню, Сняжану Грынцэвіч, Святлану Ушчапоўскую, якая працавала ў прафсаюзе гарнякоў больш як 20 год, Паўла Сакалоўскага.


Некаторыя спалучаюць прафсаюзную дзейнасць і занятасць у Глабальным універсітэце працы, іншыя валанцёраць, але пры тым атрымліваюць сацыяльную дапамогу, KinderGeld ад дзяржавы і г.д.


Летась, у верасні 2022 года, гэтая невялікая каманда пры падтрымцы і непасрэдным удзеле нямецкіх лідараў прафсаюзаў (Франка Хофера, лідара аб’яднання прафсаюзаў у Брэмене Эрнэста Хардэра, Мікаэля Вольтаса з прафсаюза хімікаў і гарнякоў Нямеччыны) стварыла Асацыяцыю Salidarnast e.V.


Старшынёй асацыяцыі абралі Лізу Мерляк, яе намеснікі — Марыя Тарадзецкая з СПБ і Франк Хофер.


Мэты ў іх вельмі простыя і разам з тым вельмі важныя — аднаўленне незалежнага прафсаюзнага руху, прасоўванне беларускай павесткі ў міжнароднай супольнасці, гуманітарная дапамога актывістам, якія рэпрэсаваныя і цяпер знаходзяцца ў зняволенні, і іх сем’ям.


А задача на перспектыву — пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў «стварыць у Беларусі дэмакратычнае грамадства, заснаванае на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і годнай працы».



Салідарнасць дзеля будучыні. Беларусь і ўвесь свет


— Мы павінныя паспрыяць таму, каб нашыя сябры і аднадумцы, якія знаходзяцца за кратамі, выйшлі на волю як мага хутчэй, — падкрэслівае Лізавета. — Але на сёння ў няволі застаюцца 32 прафсаюзныя актывісты (улічваючы тых, хто зараз на «хатняй хіміі», і прадстаўнікоў «Р*бочага руху»).


Як удаецца прасоўваць беларускую павестку ў Германіі? Напрыклад, праз удзелу маштабных прафсаюзных акцыях:


— 8 сакавіка праходзілі некалькі маніфестацый за дзень, і мы далучыліся да феміністак, атрымаўшы магчымасць распавесці на шырокую аўдыторыю, што адбылося і працягвае адбывацца ў Беларусі.





Праз асабістыя кантакты ўжо шмат каго ведаем — і сацыял-дэмакратаў, і прафсаюзных лідараў, і чыноўнікаў з мэрыі, — і дзякуючы гэтаму можам далучыцца да вялікіх мерапрыемстваў, удзельнікі якіх заангажаваныя, зацікаўленыя ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў і змогуць распаўсюдзіць гэтую інфармацыю далей.


Таксама гэтымі днямі Salidarnast e.V. запусціла маштабную інфармацыйную кампанію «Прафсаюзная дзейнасць — не экстрэмізм!». Яна прымеркаваная да гадавіны леташніх «зачыстак» і працягнецца да канца чэрвеня 2023 года, маючы на мэце прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Дзеля гэтага валанцёры перакладаюць інфармацыйныя матэрыялы на 15-20 розных моваў.


Інфармацыя распаўсюджваецца, у прыватнасці, праз анлайн-платформу LabourStart, дзе прафсаюзы абменьваюцца навінамі, звязанымі з правамі працоўных у розных краінах, і ладзяць міжнародныя кампаніі салідарнасці.


— Мы гэтай магчымасцю карыстаемся не ўпершыню. Яшчэ ў лістападзе 2020 года, калі адбылося масавае затрыманне салігорскіх актывістаў, больш як 40 чалавек узялі проста на экскурсіі, мы зладзілі імгненную кампанію — яна, можа, не прывяла да вызвалення ўсіх і адразу, але мела вялікі розгалас, — прыгадвае Лізавета. — У міжнародным прафсаюзным руху было вядома пра ўсе рэпрэсіі, якія праходзілі на той момант. І гэта вельмі важна — бо калі ты не расказваеш аб тым, што адбываецца, цябе як быццам не існуе ў павестцы.


Яшчэ адзін важны інструмент, дадае актывістка — артыкулы пра сітуацыю ў Беларусі, якія выходзяць у прафсаюзных выданнях. У многіх краінах свету гэта вельмі ўплывовыя і, што немалаважна, з вялікай аўдыторыяй газеты — скажам, у Францыі прафсаюзная папяровая газета мае 600 тысяч (!) падпісчыкаў.


Толькі ў красавіку бягучага года флэшмобы, акцыі каля беларускіх абмасадаў, пікеты салідарнасці з беларускімі працоўнымі і зняволенымі прафсаюзнымі лідарамі адбыліся ў Бразіліі, Аргенціне, Германіі, ЗША.


Ёсць планы і на 1 мая (у Германіі гэта таксама Дзень працы і святочны выходны — С.), каб нямецкія прафсаюзы ў розных гарадах скарысталі інфармацыйныя матэрыялы Salidarnast e.V. і ўздымалі сярод іншага беларускае пытанне.


…Шмат хто ў Беларусі нават у 2023 годзе лічыць, што роля прафсаюза — збіраць унёскі, а наўзамен забяспечваць работнікаў падарункамі на 8 сакавіка і Новы год, ды «прабіваць» пуцёўкі ў санаторыі ды летнікі. Але задачы ў аб’яднання працоўных былі і ёсць значна шырэйшыя, даводзіць Лізавета.


— Калі паглядзець на глабальную гісторыю — так, у свеце існуюць дыктатуры, ёсць сквапныя да ўлады вар’яты, якія здольны рэпрэсаваць усіх і ўсё, каб толькі захаваць гэтую ўладу. Але мы бачым, што дыктатуры падаюць. Яны сканчаюцца, рана ці позна. А працоўныя ўсё адно застаюцца і маюць свае незалежныя арганізацыі.


Як на мяне, то гэта самая важная арганізацыя грамадзянскай супольнасці, бо кожны дарослы чалавек праводзіць большую частку свайго часу на працы.


І калі ўжо там цябе рэпрэсуюць, прыніжаюць твае правы і могуць зрабіць так, каб ты працаваў звыштэрмінова і без грошай, калі з гэтага ўзроўню не пачаць будаваць дэмакратыю, то які б урад ні прыйшоў да ўлады, прадэмакратычны ці такі, які, на жаль, зараз пануе ў Беларусі, — працоўным будзе кепска.


А таму пры любой уладзе прафсаюзы мусяць быць незалежнымі ад яе, абараняць правы працоўных і крытыкаваць — і дэмакратыю, і аўтарытарыяў, калі ёсць, за што.


Ірына МАРОЗАВА


Крыніца: gazetaby.info

Comentários


bottom of page