top of page
Search

Палітвязню Вацлаву Арэшку сёння споўнілася 68 гадоў

Сёння, за кратамі, 68 дзень народзінаў адзначае прафсаюзны актывіст і рэдактар бюлетэню Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) – Вацлаў Арэшка.


Палітвязню Вацлаву Арэшку сёння споўнілася 68 гадоў
Вацлаў Арэшка

Вячаслаў Міхайлавіч Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Быў затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Вядома, што дэпутат парламента Славеніі ад Славенскай дэмакратычнай партыі Анжэ Логар стаў сымбалічным «хросным» палітвязня.


Суд над прафсаюзнымі лідарамі РЭП, у тым ліку і над спадаром Арэшкай, праходзіў у Мінскім гарадскім судзе з лістапада 2022 года. Іх вінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі); ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім). Суддзя Анастасія Папко пасля прапановы пракурора Рамана Бізюка зрабіла разгляд справы закрытай.


27 снежня чакалася вынясенне прысуду актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў, аднак суддзя Алена Папкова нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца, і папрасіла ўсіх пакінуць судовую залу.


Прысуд быў вынесены 5 студзеня 2023 года. Актывістаў незалежнага прафсаюза прызналі вінаватымі. Па сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Вацлаву Арэшку восем гадоў пазбаўлення волі.

Вядома, што пад час заключэння ў многіх з прафсаюзных вязняў пагоршыўся стан здароўя. Менавіта ў спадара Вячаслава значна сапсаваўся зрок.


Сёння 18 студзеня Вячаслаў Міхайлавіч адзначае свой 68 дзень народзінаў. Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго можна падтрымаць пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Вячаславу Міхайлавічу Арэшку.



Commentaires


Les commentaires ont été désactivés.
bottom of page